Блиц-опрос. Спросили шумилинцев, что они считают символом нашей страны

Общество

Што з’яўляецца СІМВАЛАМ  БЕЛАРУСІ?

Марына АЛЯКСЕЕНКА, аг. Башні:
– Калі размова заходзіць пра нашу Беларусь, у думках узнікае магутная постаць гаспадара пушчы – зубра. І гэта не выпадкова. Яшчэ ў XVI стагоддзі наш славуты зямляк Мікола Гусоўскі ўславіў яго ў бессмяротнай паэме «Песня пра зубра», паказаўшы сувязь неўтаймоўнай сілы прыроды з духам продкаў. Сёння зубр – гэта не проста прадстаўнік Чырвонай кнігі. Гэта вобраз няскоранасці, мудрасці і высакароднай сілы. Усё гэта можна сказаць і пра Беларусь.

Наталля ГАЛАВАЧОВА, аг. Мікіціха:
– Васількі. Гэтыя сінія кветкі з даўніх часоў лічацца неад’емнай часткай нашай культуры, фальклору і штодзённага побыту. Яны раслінны сімвал Беларусі, які ўвасабляе чысціню, шчырасць і непадробную прыгажосць родных палёў.Гісторыя сімвала ідзе з глыбокай старажытнасці. У беларускіх абрадах васілёк быў абярэгам ад злых духаў, яго ўпляталі ў вянкі на Купалле і выкарыстоўвалі ў гаспадарчых рытуалах. А сапраўдную паэтычную вядомасць кветка атрымала дзякуючы класікам беларускай літаратуры – Янку Купалу і Якубу Коласу, якія часта параўноўвалі васількі з блакітнымі вачыма Радзімы і сіняй стужкай нябёсаў.

Юрый СЯМЁНАЎ, в. Мішкавічы:
– Сімвал Беларусі – гэта жанчына-маці. Яна прадаўжальніца роду, на ёй трымаецца наша жыццё. Быць маці – цяжкая праца, і нашы жанчыны з годнасцю з ёй спраўляюцца. Яшчэ адным сімвалам нашай краіны назаву дзяцей – гэта наша надзея, наша будучыня. Яны падрастуць і будуць рабіць наша жыццё лепшым, а краіну – квітнеючай.

Вольга КАРБАВЕЦ, г. п. Обаль:
– Першае, што асацыіруецца з сімваламі Беларусі – гэта буслы і валошкі. А яшчэ – азёры і лясы. Як удзельнік народнага вакальнага ансамбля «Гарэзнікі» Обальскага філіяла Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, не магу не назваць народныя беларускія песні. Іх таксама можна лічыць сімвалам нашай краіны, напрыклад, усім вядомыя «Рэчаньку» ці «Купалінку».

Ксенія ГАЕВА, г. п. Шуміліна:
– Галоўнае багацце і сімвал Беларусі – людзі. Увесь свет ведае беларусаў як працавітых, адказных і патрыятычных людзей. А ўсе, хто наведвае нашу краіну, асабліва вылучаюць нашу беларускую талерантнасць і гасціннасць.

Таццяна ЦЭРАХ, г. п. Шуміліна:
– У першую чаргу я б адзначыла беларускую прыгожую прыроду: нашы зялёныя лясы, блакітныя азёры і рэкі, спрыяльны клімат. Усё гэта падабаецца і беларусам, гэта адзначаюць і госці нашай краіны. Ну, а калі гаварыць пра канкрэтныя рэчы, то на розум прыходзяць такія сімвалы, як кветкі-валошкі і магутны зубр.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *