Заслужаны ўрач, грамадскі дзеяч, патрыёт краіны
Сёлета спаўняецца 104 гады з дня нараджэння Вікторыі Генрыхаўны ДУНКЕ. У першы ліпеньскі дзень далёкага 1922 года ў Віцебску на свет з’явілася дзяўчынка, якая ў будучым стала патрыётам сваёй краіны – усё жыццё прысвяціла ратаванню людзей. У экспазіцыях Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, змешчаны партрэт Вікторыі Дунке – падпольшчыцы партызанскага атрада «Марак» брыгады Аляксея Фёдаравіча Данукалава, жанчыны, якая ў ваенны і мірны час ратавала жыццё людзей.
Калі пачалася вайна, Вікторыя Дунке закончыла другі курс Віцебскага медінстытута. Пры набліжэнні баёў да горада яна разам з маці вырашыла эвакуіравацца і адправіліся пешшу ў напрамку Лёзна. Але неўзабаве апынуліся на акупіраванай тэрыторыі і разам з іншымі сем’ямі зноў вярнуліся ў Віцебск. Да таго часу іх дом згарэў, і яны пасяліліся ў пустым суседнім. У кастрычніку 1941 года Вікторыя і яе сястра Ганна пайшлі працаваць санітаркамі ў ветлячэбніцу – прыбіралі склады медыкаментаў. Вікторыя была камсамолкай, такі факт біяграфіі ва ўмовах нямецкай акупацыі быў прысудам.
Дапамаглі ваеннапалонным. У той час у фельдкамендатуры ў Віцебску быў сфарміраваны рабочы ўзвод з ліку савецкіх ваеннапалонных. Былі там і вадзіцелі, якім дазвалялася выязджаць на грузавых машынах па гаспадарчых справах у суправаджэнні немцаў. «Некаторыя палонныя заходзілі да нас на склад. Ілья Волкаў і Сяргей Сахараў папрасілі дапамагчы ім збегчы і звязацца з партызанамі, – напіша потым у сваіх успамінах Вікторыя Дунке. – Сын нашых суседзяў Уладзімір Ляўшын знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Яго маці паведаміла яму пра шасцярых ваеннапалонных, якія хочуць збегчы. 12 чэрвеня мы з сястрой перадалі Ільі Волкаву, Сяргею Сахараву і іх сябрам зброю ад партызан. Яны пагрузілі ўсё на машыну і з’ехалі па ўказаным маршруце. Дабраліся ў партызанскі атрад і прасілі перагаварыць з іншымі палоннымі наконт уцёкаў. Але ў гэты час была арыштавана сваячка суседзяў Леўшыных (загінула ў гестапа). Суседка з дачкой пайшла ў партызаны, і сувязь з атрадам «Грозны» перарвалася».
Партызанская сувязная. Восенню 1942 года Вікторыя Дунке праз знаёмых звязалася з атрадам «Марак» Аляксея Данукалава. Пропускі для выхаду з горада брала быццам бы для выменьвання прадуктаў у вёсках. Камандзір атрада пры сустрэчы сказаў, што патрабуюцца дакументы і перавязачныя сродкі. Вікторыя брала іх на складзе ветлячэбніцы. А чаго не хапала, дык прасіла быццам бы для сябе ў ветфельчара Канстанціна Пятровіча Сатанова. Ён здагадваўся, навошта дзяўчатам медыкаменты ў такой колькасці і сам пачаў рэгулярна рыхтаваць пакеты, асцярожна выпытваў навіны на фронце. Вікторыя прыносіла лістоўкі ад партызан і распаўсюджвала іх па горадзе, каб насельніцтва ведала пра рэальнае становішча на фронце.
Так працягвалася да восені 1943 года, калі пачалася прымусовая эвакуацыя гараджан. Сям’я Дунке апынулася ў в. Дуброва Шчучынскага раёна, дзе і сустрэла наступленне савецкіх салдат. Вайну Вікторыя закончыла ў радах Чырвонай арміі.
Вікторыя Дунке ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За працоўную доблесць».
Адукаваны доктар і актыўны грамадскі дзеяч. Пасля Перамогі і да 1947 года В. Г. Дунке працавала старшынёй таварыства садзейнічання абароне, авіяцыі і хімічнаму будаўніцтву ў Шчучыне Гродзенскай вобласці. У верасні таго ж года была залічана студэнткай Віцебскага медінстытута, які закончыла ў 1950 годзе. Пасля тры гады загадвала раённым аддзелам аховы здароўя ў пасёлку Арэхаўск Віцебскай вобласці.
З чэрвеня 1953 года працавала ў Шумілінскім раёне – спачатку ўрачомтэрапеўтам. 13 жніўня 1966 года рашэннем сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных прызначана галоўным урачом раёна, на гэтай пасадзе працавала да 1975 года. А калі выйшла на заслужаны адпачынак і да сваіх апошніх дзён жыцця працавала ўрачомтэрапеўтам. Людзі паважалі Вікторыю Дунке за адданасць справе, адказнасць.
Яна была ўмелым кіраўніком, добрым арганізатарам, вопытным спецыялістам. За плённую добрасумленную працу неаднаразова была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі райвыканкама, у 1968 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны ўрач БССР».
Свае службовыя абавязкі В. Г. Дунке спалучала з актыўным грамадскім жыццём. Яна шмат скліканняў была дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. І сёння многія сталыя жыхары раёна згадваюць яе добрым сло вам, бо многім вярнула здароўе і паставіла ў рабочы строй.
Пайшла з жыцця Вікторыя Генрыхаўна Дунке 1 верасня 1989 года ва ўзросце 67 год.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

