Жаночая інтуіцыя і мужчынская логіка – ідэальны баланс

У раённым цэнтры культуры прайшоў інтэлектуальны турнір «Інтэлект-код: Маладосць. Прыгажосць. Будучае». Мерапрыемства было прысвечана моладзі і Году беларускай жанчыны.
Паказаць, што жаночая інтуіцыя і мужчынская логіка – ідэальны баланс, прыйшлі сем каманд з розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Яркія і амбіцыёзныя, яны чакалі гэтай гульні, у нядзелю адклалі ўсе справы, каб аб’яднаць логіку і камандны дух.
Падчас першага этапа «Свая гульня» практычна ўсе каманды з лёгкасцю адказвалі на пытанні тэмы «Куміры моладзі» і «Вялікія правіцельніцы». Другі этап гульні – брэйн-рынг – складаўся з 20 пытанняў. Трэба было добра разбірацца ў звестках па гісторыі і геаграфіі, ведаць савецкіх паэтаў, беларускіх спартсменаў, казкі і вершы. На пытанні трэба было адказваць хутка – акрамя ведаў, камандам спатрэбілася сабранасць і адзінства.
У інтэлектуальным батле перамог «Саюз» (зборная каманда Обальскай, Слабадской і Башнеўскай школ). Другое месца – у каманды «Другое дыханне» СШ № 2 г. п. Шуміліна (іх ад пераможцаў аддзяляў адзін бал), трэцяе месца раздзялілі каманды «Нядрэнная кампанія» з СШ № 1 г. п. Шуміліна і «104» раёна газазабеспячэння. Варта адзначыць, што і іншыя каманды – «Дрым-цім» (рэзерв кадраў раёна), «QR-Цэнтр» цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, «Палата № 6» ЦРБ – паказалі сябе годна.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі РЦК, райкам ГА БРСМ і раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру». Іх прадстаўнікі ўручылі камандам дыпломы і падарункі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
