26 мая, адбылося ўрачыстае адкрыццё моста на аўтамабільнай дарозе Н-3950 Обаль-Полацк паблізу вёскі Пагіршчына.
На мерапрыемства прыехалі кіраўніцтва райвыканкама, «Віцебскаблдарбуду», Обальскага сельвыканкама, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
- Мост, які злучае два раёны – Шумілінскі і Полацкі – гэта рэальнае ўвасабленне ў жыццё дзяржаўных планаў у Год добраўпарадкавання, пяцігодкі якасці, – адзначыў у сваім выступленні першы намеснік генеральнага дырэктара-галоўны інжынер «Віцебскаблдарбуду» Марат Кутас. Ён адзначыў уклад вялікай каманды прафесіяналаў, дзякуючы прафесіяналізму і намаганням якіх рэканструяваны аб’ект. Добра папрацавалі субпадрадчыкі – Шумілінскае ДРБУ-204, дадаў Марат Кутас і ўручыў Ганаровыя граматы галоўнаму інжынеру Аляксандру Фурсіну і начальніку ўчастка Аляксандру Уласаву.
Галоўны інжынер філіяла «Мостабудаўнічае ўпраўленне №5» ААТ «Мостабуд» Аляксандр Максімовіч расказаў, што першачаргова планавалася здаць аб’ект да новага 2025 года, але ў працэсе рэканструкцыі ўзнікла неабходнасць ўносіць змяненні ў праектнае рашэнне, таму тэрміны заканчэння будаўніцтва былі перанесены на май.
– Адкрыццё моста пасля рэканструкцыі – важная падзея для раёна, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін. – Устаноўлены новыя перакрыцці, тэхнічныя праходы. Мост стаў шырэйшым. На рэканструкцыю з абласнога бюджэту затрачана 4,7 мільёна рублёў. Цяпер мы прыступаем да рэканструкцыі моста Грышаны.
Руслан Мікалаевіч ад імя кіраўніцтва раёна падзякаваў усім за работу і ўручыў Падзяку старшыні раённага Савета дэпутатаў мантажніку будаўнічых канструкцый філіяла «Мостабудаўнічае ўпраўленне №5» ААТ «Мостабуд» Аляксандру Жораву за значны асабісты ўклад падчас рэканструкцыі моста.
Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўлена Руслану Насцюшкіну, Марату Кутасу і Аляксандру Максімовічу. Пад песні работнікаў раённага цэнтра культуры шлях адкрыты. Па мосце паехала першая тэхніка!
Пасля адкрыцця моста будуць адноўлены схемы руху транспарту, у тым ліку адновяцца рэйсы па прыгарадным маршруце Полацк-Обаль.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



