Студотряд из Обольской школы работает на ОКЗ

Молодёжь Новости Общество

Так нараджаецца характар

Лета – час адпачынку, але для васьмікласнікаў Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай гэта яшчэ і час першага сур’ёзнага працоўнага вопыту.  Яны працуюць у складзе  вытворчага студэнцкага атрада з гучнай назвай «Ударнікі» на базе Обальскага керамічнага завода.

Назва атрада абрана невыпадкова. Зінаіда Партнова – юная падпольшчыца, Герой Савецкага Саюза, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала на Обальшчыне. Яна была ўсяго на некалькі гадоў старэйшая за цяперашніх васьмікласнікаў, калі яе расстралялі нацысты. Школа, дзе вучацца «Ударнікі», носіць яе імя.

«Імя Зіны – гэта сімвал мужнасці і адказнасці. Мы хочам, каб наш атрад быў такім жа дружным, мэтанакіраваным. «Ударнік» – гэта не толькі той, хто добра працуе, але і той, хто бярэ на сябе адказнасць», – адзначылі студатрадаўцы.

Раніца. Кароткая лінейка, інструктаж – і падлеткі разыходзяцца. Адны добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, другія ідуць у цэх керамікі. Аляксандр Лук’янаў прызнаўся з гонарам, што ўпершыню ў жыцці фарбаваў бардзюры. Вераніка Болдыш і Дзіяна Грыгарак як прыбіралі тэрыторыю, дапамагалі вопытным работнікам.

Ксенія Пастарнакова і Аліса Грузневіч працуюць у цэху керамікі. У іх руках нараджаюцца керамічныя вазы, медалі з лагатыпам ОКЗ. Дзяўчатам работа падабаецца.– Ведаеце, я цікавілася ў інтэрнэце, як робяць керамічныя вырабы, – расказвае Аліса. – А тут не толькі пабачыла ўжывую, а і сама раблю. Магчыма, гэта і будзе маёй будучай прафесіяй.

Дырэктар Обальскага керамічнага завода Сяргей Ляўшоў адзначае: «Мы не першы раз бяром падлеткавы студатрад. Гэта не аднаразовая акцыя, а сістэмная работа. Прыемна бачыць, як дзеці сталеюць, фарміруецца іх характар. У першы дзень некаторыя баяліся рукамі дакрануцца да цэглы. А цяпер самі прапануюць сваю дапамогу».  Як паведаміла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава,  студатрад «Ударнікі» на ОКЗ будзе працаваць усё лета.

Што думаюць самі «Ударнікі»?

Мы папрасілі студатрадаўцаў закончыць фразу: «Праз 10 гадоў я буду ўспамінаць гэта лета як…» – «час, калі я ўпершыню зарабіў грошы», «магчымасць паглядзець на завод знутры. Магчыма, я вярнуся сюды працаваць», «доказ таго, што мы – не «гаджэтавае пакаленне», а сапраўдныя ўдарнікі» ,  «лета, калі я зразумела, што праца – гэта не страшна, калі побач сябры» , «час, калі я паверыла ў сябе і зразумела, што магу рабіць карысныя рэчы».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *