«Яслі» абяцаюць быць прасторнымі і светлымі
Такога вялікага прафілакторыю для цялят, які ўзводзіцца каля фермы Амбросавічы ААТ «Прыазёрны мір», у сельгаспрадпрыемстве яшчэ не было. Падрадчыкам будаўніцтва выступіла Шумілінская ПМК‑70.
Работы распачалі ў пачатку мая і мяркуюць закончыць у пачатку ліпеня. Будаўніцтва пачалі з нуля. Толькі для заліўкі пляцоўкі спатрэбілася 134 кубаметры бетону, які абышоўся крыху больш за 50 тысяч рублёў, падлічылі ў бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства. На будаўніцтва пайшло 177 кубаметраў пяску і 81 тона шчэбеню.
«Нашы будаўнікі ўстанавілі па 15 металічных стоек у чатыры рады, зрабілі кроквы і латы на іх, – расказаў майстар ПМК-70 Дзмітрый Каралёў. – У пабудове для зручнасці прачысткі будзе шэсць варот – па тры з кожнага боку».
Зваршчыкі і бетоншчыкі свае работы завяршылі. Ім на змену прыехалі цесляры – падчас нашага прыезду яны падшывалі дошкамі карнізныя звісы даху. Знізу сцены мяркуюць абабіць металічнымі прафіляванымі лістамі, а зверху ўстанавіць вокны з полікарбанату. Гаспадарка закупіла шыфер для даху.
Начальнік участка Людміла Мамойка патлумачыла, што ў прафілакторый змесціцца 160 цялят, яны тут будуць гадавацца да трох месяцаў. Клеткі для жывёлы размесцяць у шэсць радоў. Гной будзе вычышчацца спецыяльным трактарам з лапатай. «Яслі» абяцаюць быць светлымі і прасторнымі – даўжынёй 40 метраў, шырынёй – амаль 20 метраў. Для малочна-мыечнай кухні, якая будзе прама ў прафілакторыі, гаспадарка ўжо заказала малочнае таксі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

