
Галоўная зброя ў барацьбе з ашуканцамі – халодны розум і пільнасць
За 9 месяцаў у краіне назіраецца станоўчая тэндэнцыя: колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў скарацілася з 13,4 тыс. да 12,4 тыс., або на 7,1%. Але, нягледзячы на зніжэнне колькасці такіх злачынстваў у цэлым па рэспубліцы, у Шумілінскім раёне захоўваецца трывожная тэндэнцыя. Доля кіберзлачынстваў у агульнай структуры злачыннасці павялічылася і дасягнула 20,48%. Сума матэрыяльнай шкоды, нанесенай па зарэгістраваных фактах кіберзлачынстваў, склала 38 843 рублі. Акрамя таго, ашуканцы спрабавалі завалодаць грашыма на агульную суму 13 960 рублёў. На шчасце, некалькі злачынстваў не былі даведзены да канца. Спробы крадзяжу былі своечасова спынены супрацоўнікамі РАУС ці банкаўскімі работнікамі.
Парады ад Следчага камітэта
Каб абараніць сябе і свае зберажэнні, важна прытрымлівацца правілаў кібербяспекі. Галоўная зброя ў барацьбе з ашуканцамі – халодны розум і пільнасць, падкрэсліў начальнік Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Іваноў і нагадаў пяць галоўны правілаў, якія павінен запомніць кожны:
1. Нікому не паведамляйце коды з SMS. Ні супрацоўнікі банка, ні міліцыя, ні следчыя ніколі не просяць назваць коды пацвярджэння, пін-коды або паролі. Калі хтосьці іх патрабуе – гэта 100% махляр.
2. Кладзіце трубку і ператэлефануйце самі. Калі вам тэлефануюць нібыта з банка, праваахоўных органаў ці аператара сувязі і паведамляюць пра «падазроную аперацыю», «спробу афармлення крэдыту» ці «крымінальную справу», не працягвайце размову. Пакладзіце трубку і ператэлефануйце ў банк па афіцыйным нумары, указаным на адваротным баку вашай пластыкавай карткі.
3. Не пераходзьце па сумніўных спасылках. Не адкрывайце спасылкі з паведамленняў у месенджарах (Telegram, Viber) або сацыяльных сетках, нават калі яны прыйшлі ад знаёмых (іх акаўнты маглі ўзламаць). Такім чынам злачынцы крадуць доступ да вашых старонак і банкаўскіх дадаткаў.
4. Не верце абяцанням хуткага заробку. Любыя прапановы «лёгкіх грошай», інвеставання ў крыптавалюты ці атрымання буйных выплат ад дзяржавы пад падставай спачатку ўнесці пэўную суму – пастка.
5. Выкарыстоўвайце двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Па магчымасці падключыце ўсе магчымыя сістэмы абароны на сваіх акаўнтах і ў банкаўскіх дадатках.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
