Бахадин Камилов из Узбекистана, который в августе приехал в Шумилинский район, зарегистрировал ООО «Беланд чорва» и развивает животноводства

Главное Новости Общество Сельское хозяйство Экономика


Свая справа на шумілінскай зямлі

Шуміліншчына гасцінна прымае кожнага, хто прыязджае з адкрытым сэрцам, працавітымі рукамі і добрымі намерамі. Не мае значэння, за колькі кіламетраў адсюль яго родны дом: калі чалавек гатовы працаваць, вучыцца і ўкладваць сілы ў сваю справу, ён можа знайсці на нашай зямлі месца і падтрымку. Прыклад таму – Бахадзін Камілаў з Узбекістана, які ў жніўні прыехаў да нас у раён, зарэгістраваў ТАА «Беланд чорва» і ўзяўся за развіццё жывёлагадоўлі.


Сёння ён разам з сынам Сайдуло вырошчвае бычкоў у памяшканні былога райаграсэрвісу ў аграгарадку Светласельскі. На ферме зараз знаходзіцца 160 бычкоў, іх набылі ў КУСГП «Ульскі», ААТ «АграБаравінка» і сельгаспрадпрыемствах Пастаўскага раёна. З першых дзён бацька і сын узяліся за работу: трэба было падрыхтаваць памяшканне, наладзіць догляд за жывёлай, забяспечыць яе кормам і разабрацца з арганізацыйнымі пытаннямі.

«Мы пачалі справу на ўласныя зберажэнні, – расказвае Бахадзін. – Тут нас сустрэлі шчырыя людзі, дапамаглі аформіць дакументы, знайсці жыллё, прапанавалі памяшканне ў арэнду, падказалі, дзе можна набыць бычкоў і корм».

Да пераезду Бахадзін Камілаў чуў пра Беларусь ад знаёмых, якія тут бывалі. «Ва Узбекістане ў нас добра, але не хапала пашаў, вады і кармоў, каб поўнасцю забяспечыць патрэбы ў вытворчасці мяса. А ў Беларусі шмат травы, вады і палеткаў. Тут спрыяльныя ўмовы для вырошчвання бычкоў, мяккі клімат, – працягвае ён. – Летам не бывае такой спякоты, як у нас, калі тэмпература паветра можа дасягаць 50 градусаў». Корм для бычкоў купля­юць у КУСГП «Ульскі» і ААТ «Ляжні». Сілас, кукуруза і зерне неабходны для штодзённага рацыёну, для добрых тэмпаў росту жывёлы. Хутка ў Камілавых з’явіцца памочнік – сябар сям’і Бабур Абдусаламаў афармляе дакументы, каб працаваць на ферме.

У чэрвені гаспадары плануюць адправіць першую партыю бычкоў на мяса, якія да гэтага часу павінны набраць у сярэднім па 600 кілаграмаў. Замарожаную прадукцыю збіраюцца пастаўляць на радзіму Бахадзіна – у Андзіжанскую вобласць, дзе яе будуць рэалізоўваць у гандлёвыя кропкі.

У ТАА «Беланд чорва» будуюць маштабныя планы на будучыню. Прадпрыемства ўжо ўзяло ў арэнду 380 гектараў зямлі. Вясной тут плануюць пасеяць кукурузу, а таксама высадзіць бульбу і цыбулю. Для апрацоўкі палёў спатрэбіцца сучасная тэхніка, якую гаспадарка мае намер набыць у лізінг.

Развіццё вытворчасці адкрые і новыя магчымасці для працаўладкавання. Ужо вясной да работы далучацца каля пятнаццаці работнікаў з Узбекістана, якія прыедуць у гаспадарку па запрашэнні кіраўніцтва.

Не менш амбіцыйныя планы звязаны з жывёлагадоўляй. Пагалоўе бычкоў тут хочуць павялічыць да 600 галоў. Для рэалізацыі гэтых намераў неабходна ўмацаваць кармавую базу, наладзіць эфектыўную работу на зямлі і стварыць належныя ўмовы для ўтрымання і догляду жывёлы.

Б. Камілаў звязвае будучыню з Беларуссю – пра гэта сведчыць тое, што нядаўна да яго прыехала нявестка Гулірано, жонка Сайдуло, разам з пяцігадовым сынам Мухамадумарам. Хлопчыка плануюць уладкаваць у дзіцячы сад, а пазней ён пойдзе ў школу ў Шуміліне. Гулірано далучыцца да сямейнай справы: будзе бухгалтарам.

Узбекскія госці паспелі ўжо ацаніць шчырасць і гасціннасць беларусаў, а таксама смак беларускіх прадуктаў. Асабліва даспадобы прыйшліся бабруйскі зефір і шакалад «Камунарка».

У тэму. Па інфармацыі спецыялістаў групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС, у раён прыехалі 62 жыхары з Таджыкістана, Азербайджана, Узбекістана, якія атрымалі дазвол на працоўную дзей­насць. 35 чалавек працуюць у Шумілінскай ПМК‑70, 8 – у ТАА «Вітконпрадукт», па 2 – у КСУП «Лаўжанскае», ТАА «Венбуд» і «Медзіна плюс». Астатнія працаўладкаваліся ў пяці ўзбекскіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах, якія створаны ў нашым раёне і спецыялізуюцца на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *