Лечыць лес і будуе сваё шчасце
Кацярына РАДЗІВОНАВА (Старавойтава) працуе інжынерам-лесапатолагам Шумілінскага лясгаса. Сёлетні год для Кацярыны выдаўся яркім і насычаным – Год беларускай жанчыны сапраўды стаў адметным. У пачатку года яна стала лаўрэатам раённага конкурсу «Жанчына года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Віват, моладзь!». У ліпені выйшла замуж за хлопца, з якім сустракалася тры гады.
Шлях у прафесію
Кацярына Радзівонава нарадзілася і вырасла ў Обалі. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. На адпрацоўку прыехала ў Шумілінскі лясгас – і засталася. «Тут усё спадабалася, таму пасля адпрацоўкі вырашыла працаваць далей», – расказвае дзяўчына.
На рабоце Кацярына мэтанакіраваная, спакойная і ўпэўненая, прафесіянал сваёй справы. Яна ўважліва сочыць за станам дрэвастою, своечасова выяўляе захворванні дрэў і робіць усё, каб хваробы не распаўсюджваліся на іншыя ўчасткі лесу. Іншымі словамі, лясны доктар.
Мара
Галоўная мара Кацярыны – сваё ўтульнае гняздзечка: светлая кватэра ці дом, дзе на падаконніку красуюцца кветкі, дзе пахне цёплым хлебам і дзіцячым шчасцем, а побач – каханы чалавек. Каб гэты дом быў не проста сценамі, а месцам, куды хочацца вяртацца.
Бліц-апытанне
– Без чаго не выйдзеш з дома?
– Без касметыкі і навушнікаў. Музыка са мной заўсёды па жыцці.
– Што слухаеш?
– Ад року да поп-музыкі. Бывае, і класіку. Усё залежыць ад настрою.
– А кнігі?
– Не супраць і кніжку ў рукі ўзяць. Любімага жанру няма: магу захапіцца фантастыкай, магу чытаць любоўныя раманы і дэтэктывы.
– Галоўны жыццёвы прынцып?
– Любіць сябе і спакойна ставіцца да ўсяго.
– Лепшы адпачынак?
– Прыйсці дадому і пасядзець у цішыні з каханым чалавекам.
– Любімая страва?
– Бульба. Ведаю, напэўна, сотню рэцэптаў страў з бульбы – сапраўдная беларуска.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

