У раёне стартаваў другі (раённы) этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Інтэлектуальныя спаборніцтвы сёлета праходзяць у абноўленым фармаце.
Галоўная навіна – новы падыход да арганізацыі. Як расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Надзея Каротчанка, прывычны штурм алімпіядных вяршыняў быў раздзелены на блокі.
– Сёлета мы адышлі ад практыкі, калі ўсе прадметы аднаго напрамку праводзіліся ў адзін дзень. Цяпер гэта працяглы працэс, – адзначыла Надзея Каротчанка. – Алімпіяды раздзелены на прадметы гуманітарнага цыклу і дакладныя навукі. Гэта дазваляе ўдзельнікам сканцэнтравацца на сваіх накірунках і пазбегнуць перагрузак, а арганізатарам – забяспечыць больш камфортныя ўмовы для правядзення.
Асаблівая ўвага – зручнасці для саміх вучняў. Руская, беларуская і замежныя мовы праводзяцца ў розныя дні. Гэта значыць, што здольны вучань можа паспрабаваць свае сілы ва ўсіх моўных алімпіядах. Такі ж падыход ужыты і да дакладных навук.
Прыемна ўражвае і статыстыка сёлетняга этапа.
– Сёлета прымаюць удзел 98 эрудытаў, летась іх было 76, – працягвае Надзея Аляксандраўна. – Такая дынаміка – сведчанне таго, што цікавасць да алімпіяд расце і вучні гатовы дасягаць новых вяршынь.
Спаборніцтвы будуць доўжыцца на працягу месяца, гэта будзе 8 алімпіядных дзён.
Ужо прайшлі першыя выпрабаванні для знаўцаў замежнай мовы, фізічнай культуры і матэматыкі. Арганізатары адзначаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў і сур’ёзны настрой школьнікаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

