Шумилинский историко-краеведческий музей празднует свое 40-летие

Главное Культура Новости Общество

Шумілінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею  – 40 год

Свой летапіс Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей вядзе з 1984 года, калі ён быў заснаваны як музей Народнай Славы. А роўна 40 гадоў таму – 22 лістапада 1986 года – ён упершыню расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Значнай вяхой у жыцці ўстановы стаў пераезд у 2022 годзе ў новы будынак. Праз год экспазіцыю музея дапоўніў важнейшы раздзел, прысвечаны генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Сёння асноўны фонд музея налічвае больш за 13 тысяч экспанатаў, якія ахопліваюць гісторыю краю ад старажытнасці да нашых дзён. Сярод самых унікальных рарытэтаў – старажытныя артэфакты (прылады працы каменнага і бронзавага вякоў, кераміка і сапраўдная ніжняя сківіца маманта); гераічны летапіс: матэрыялы пра дзейнасць падполля і партызанскі рух, асабістыя рэчы землякоў – Герояў Савецкага Саюза і галерэя здымкаў 106 герояў, якія вызвалялі Шуміліншчыну; культура і побыт (сялянскія рэчы і адзенне XIX-пачатку XX стагоддзяў, а таксама багатая калекцыя жывапісу, жамчужынамі якой з’яўляюцца палотны Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзіміра Белавусава і вядомага акварэліста Уладзіміра Іванова.

Сучасны музей даўно выйшаў за рамкі класічных экскурсій. Сёння тут актыўна выкарыстоўваюць мультымедыйнае абсталяванне, праводзяць вечары, квэсты, з поспехам прымаюць выставы беларускіх майстроў, мастакоў, калекцыянераў і проста таленавітых людзей. І за строгімі датамі, неацэннымі фондамі і прыгожым словам «музей» стаяць людзі – тыя, хто абраў гэтую справу па клічу сэрца, ператварыўшы працу ў прафесію душы. У гэтым калектыве няма выпадковых людзей, хто не прыносіў бы сваю важную карысць агульнай справе: пачынаючы з дырэктара і заканчваючы галоўнымі захавальнікамі фондаў, дазорцамі, загадчыкам гаспадаркі і тэхнічным персаналам. Кожны супрацоўнік тут падобны на ўнікальны экспанат.


Так, ужо больш за 10 гадоў у штурвала вялікага музейнага карабля стаіць дырэктар Святлана Іванова, чый працоўны стаж у гісторыі музея налічвае амаль тры дзесяцігоддзі. За гэты час Святлана Віктараўна не проста вывучыла гісторыю роднага краю, але і навучылася асаблівай, амаль філасофскай празорлівасці. На думку кіраўніка, галоўная якасць музейнага работніка – уменне зазірнуць у будучыню. «Музейшчык павінен умець бачыць наперад, каб разгля­дзець у тым, што сёння здаецца абсалютна штодзённым, каштоўнасць для заўтрашняга дня, – падзялілася Святлана Віктараўна. – Праз дзесяцігоддзі звыклыя нам рэчы стануць жывой гісторыяй. Наша задача – своечасова гэта заўважыць, сабраць і захаваць». Задаволена Святлана Іванова тым, што музею ўдалося заха­ваць абодва свае будынкі. У гэтым саюзе крыецца асаблівая гармонія: стары будынак застаецца па-сапраўднаму атмасферным, прасякнутым глыбокай гісторыяй месцам, у той час як новая сучасная прастора падарыла зусім іншыя магчымасці. На новым месцы музей атрымаў не толькі новы твар, але і стаў сапраўдным «прамоўтарам» для творчых людзей раёна. Дзякуючы з’яўленню новай выставачнай залы супрацоўнікі музея змаглі адкрыць для шырокага кола жыхароў новыя твары таленавітых землякоў, многія з якіх раней, як кажуць, пісалі «ў стол», а цяпер маюць прастору, каб несці сваю твор­часць у масы.

Дырэктар музея прызналася ў сваім асабістым рытуале, які напаўняе яе энергіяй. Больш за ўсё Святлана Віктараўна цэніць ранішнія гадзіны, калі прыходзіць на работу раней за астатніх і можа ў поўнай адзіноце прайсціся па залах, пабыць сам-насам з экспазіцыямі і атрымаць асалоду ад асаблівай цішыні. Яна кранальна называе гэтыя імгненні сваёй ціхай любоўю, а музей – другім домам, а, магчыма, нават і першым.


Другім домам амаль 20 гадоў музей з’яўляецца для галоўнага захавальніка фондаў Таццяны Цэрах. Таццяна Васільеўна прызналася, што «эфект каштоўнасці» яна міжволі перанесла і на ўласнае жыццё. Дома яна з такой жа любоўю захоўвае старыя сямейныя рэчы і шчыра імі ганарыцца. А дарагім каштоўным здабыткам на рабоце для яе застаецца мастацкая калекцыя землякоў-ураджэнцаў раёна Уладзіміра Белавусава і Уладзіміра Іванова. Для Таццяны Цэрах музей сёння – месца сустрэчы мясцовай інтэлігенцыі, людзей залатога ўзросту і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, дзе кожны можа дакрануцца да прыгожага і адкрыць для сябе штосьці новае.


Сапраўднай знаходкай для музея з’яўляецца навуковы супрацоўнік Віктар Саковіч. Педагог па адукацыі, ён з задавальненнем амаль пяць гадоў таму змяніў школьны клас на музейныя залы і прызнаецца, што ніколькі пра гэта не шкадуе. Паспяхова прайшоўшы прафатэстацыю і атрымаўшы афіцыйнае права право­дзіць экскурсіі па тэме генацыду беларускага народа, Віктар Мялецьевіч дагэтуль памятае свой першы вопыт, як ён выйшаў да групы ў Башнеўскай школе. Аднак, як галоўны асабісты экзамен, экскурсавод успамінае дзень адкрыцця ў 2023 годзе вялікай экспазіцыі аб генацыдзе ў Шуміліне, дзе прысутнічала шмат ганаровых гасцей і кіраўніцтва, але, нягледзячы на моцнае хваляванне, першая экскурсія прайшла паспяхова. Па назіраннях экскурсавода, менавіта гэтая экспазіцыя сёння выклікае самы глыбокі водгук у жыхароў і гасцей раёна.

Сам Віктар Мялецьевіч перакананы, што экскурсавод абавязаны быць адначасова і акцёрам, і тонкім псіхолагам, каб знаходзіць ключык як да няўрымслівых дзяцей, так і да дарослых наведвальнікаў. «Для мяне музей – асаблівая прастора, дзе закладваецца падмурак маральна-ідэйнага выхавання моладзі і ўмацоўваюцца веды старэйшага пакалення, – падкрэсліў Віктар Саковіч. – Менавіта тут праз жывое дакрананне да фактаў людзям прывіваецца шчырая любоў да Радзімы і гісторыі».


Невыпадковым чалавекам у музеі з’яўляецца і спецыяліст па кадрах Ірына Кодзіс. Некалькі гадоў яна была дазорцам у Обальскім філіяле, а цяпер у асабістых справах і загадах беражліва захоўвае жывыя гісторыі саміх людзей. І калі б прыйшлося запаўняць асабістую карту на сам музей да яго 40-годдзя, то ў графу «характар» Ірына Гедзіёнаўна без роздумаў упісала б «гасцінны, шматгранны і інфармацыйна багаты».


5 гадоў першай гасцей і наведвальнікаў музея на ўваходзе гасцінна сустракае Марыя Волкава, якая таксама працуе дазорцам залаў. Самым цікавым момантам у прафесіі дзяўчына называе жывыя зносіны і знаёмства з новымі лю­дзьмі. Асаблівай аддушынай і любімым адгалінаваннем сваёй працы Марыя лічыць творчы складнік – яна са шчырым задавальненнем і натхненнем удзельнічае ў афармленні новых выстаў, дапамагаючы экспанатам зайграць новымі фарбамі. На дапамогу ў гэтай справе прыходзяць загадчык гаспадаркі Мікалай Жукаў і прыбіральшчык памяшканняў Ганна Новікава. Яны перакананы, што работа тэхперсаналу ў музеі кардынальна адрозніваецца ад звыклых абавязкаў у любой іншай установе.


22 лістапада Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае свой 40-гадовы юбілей. Па словах дырэктара Святланы Івановай, для гісторыі гэта зусім невялікі тэрмін, таму што нягледзячы на ўсё назапашанае, наперадзе яшчэ вялікія планы. І, як прынята рабіць на дзень нараджэння, установа загадвае сваё галоўнае жаданне: марыць пра сучасныя мастацкія афармленні, новыя тэхнічныя магчымасці, якія дазволяць адысці ад галерэйнага фармату і зрабіць экспазіцыі па-сапраўднаму жывымі, атмасфернымі і гаваркімі.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *