
«Твая дапамога была каштоўнай»
Дырэктар КСУП «Лаўжанскае» Мікалай Балігатаў завітаў у Мікіціхінскую СШ імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова з добрай нагоды: уручыць Падзячны ліст і прэмію дзевяцікласніку Ільі Барысевічу.
«Шчыра дзякую за дапамогу сельгаспрадпрыемству ў час уборачнай кампаніі, – звярнуўся да Ільі Мікалай Васільевіч. – Нягледзячы на юны ўзрост, ты праявіў вынослівасць, дысцыпліну і ўменне працаваць у камандзе. Твая дапамога была каштоўнай».
Ілья Барысевіч ўпершыню на летніх канікулах уладкаваўся працаваць у сельгаспрадпрыемства. Ідэю падаў бацька Алег Валер’евіч, які працуе механізатарам. Хлопец на працягу месяца дапамагаў рыхтаваць камбайны да жніва. «Мы рамантавалі жняярку і выгружныя шнэкі, прадзімалі масляныя фільтры, – расказаў пра працоўныя будні Ілья. – Усё мне было даспадобы, бо даўно цікаўлюся тэхнікай. Збіраюся паступаць на інжынера-механіка ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію».
Мікалай Балігатаў запрасіў вучняў наступным летам прыходзіць на дапамогу сельгаспрадпрыемству ў час жніва, заклікаў выпускнікоў паступаць на сельскагаспадарчыя прафесіі і браць мэтавае накіраванне ад «Лаўжанскага».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
