Жыццё прысвяціў дарожнай бяспецы
Сёлета Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі адзначае 90 год з дня ўтварэння. Гэта асаблівае свята не толькі для сённяшніх супрацоўнікаў, але і для ветэранаў – тых, хто многа гадоў прысвяціў дарожнай бяспецы. У гісторыі Шумілінскай ДАІ асаблівае месца займае прозвішча Аляксандра Сафаравіча ШАРАФУТДЗІНАВА, агульная выслуга якога ў органах ўнутраных спраў складае 30 гадоў і 5 месяцаў.
Родам з Чашнікаў, Аляксандр Шарафутдзінаў на тэрміновай ваеннай службе служыў у дарожна-каменданцкім батальёне. Займацца рэгуліроўкай дарожнага руху спадабалася – пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся інспектарам дарожнага нагляду ў Чашніцкі РАУС. А праз год паступіў у Саратаўскую спецыялізаваную школу міліцыі на аддзяленне падрыхтоўкі работнікаў ДАІ. У 1978 годзе Аляксандра размеркавалі старшым дзяржаўтаінспектарам Шумілінскага РАУС (начальнікам тады быў Уладзімір Літоўка).
З Чашнікаў Аляксандр Шарафутдзінаў прыехаў на спадарожным аўто. Выйшаў «на Вецярку» і з чаманданчыкам асабістых рэчаў накіраваўся ў РАУС. Старшага дзяржінспектара сустрэлі стрымана, прыглядаліся, на што ён варты. Усе інспектары ДАІ – Аляксандр Брыт, Леанід Малахаў, Анатоль Сцержанкоў, Іван Якаўлеў – былі старэйшыя за Аляксандра. Але ў яго быў ўжо невялікі вопыт – падчас вучобы быў на практыцы ва Уфе і Адэскай вобласці.
«У 70-ыя гады ў ДАІ былі радары, жэзлы, індыкатар СО і адзін “каблучок” ІЖ-2715, аўтамабілі для дзяжурства па графіку выдзялялі прадпрыемствы. Таму калі ў 1979 годзе выдзелілі першыя «Жыгулі» – гэта было сапраўднае свята, – згадвае Аляксандр Сафаравіч. – Асноўныя парушэнні на дарогах – перавышэнне хуткасці і нецвярозыя вадзіцелі. Дзяжурылі на дарогах не толькі днём, але і ноччу, асабліва ўзмоцнены рэжым быў у 90-я гады, калі на аўтатрасах было неспакойна, калі прадукты харчавання незаконна вывозілі за мяжу».
У 1991 годзе, калі ўвялі пасаду начальніка ДАІ, яе заняў Аляксандр Шарафутдзінаў. «Аляксандр Сафаравіч прымаў мяне на работу інспектарам ДПС, – згадвае сённяшні начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч. – Ён заўсёды з разуменнем і чалавечнасцю адносіўся да сваіх супрацоўнікаў. Казаў, што трэба добра разбірацца ў законах, увесь час вучыцца».
У 2001 годзе маёр міліцыі Аляксандр Шарафутдзінаў, адпрацаваўшы ў ДАІ 22 з паловай гады, выйшаў на заслужаны адпачынак. Але работу не кінуў. Яшчэ 4 гады ўзначальваў ізалятар часовага ўтрымання РАУС, потым працаваў на складзе грамадзянскай абароны. З 2012 года і да сённяшняга дня ўзначальвае раённае таварыства ратавання на водах. З’яўляецца актывістам раённай ветэранскай арганізацыі РАУС, настаўнікам для моладзі. З былымі калегамі і сённяшнімі супрацоўнікамі міліцыі падтрымлівае цёплыя сяброўскія адносіны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

