АДРАДЖЭННЕ ХРАМА: кожны можа дапамагчы святыні ў вёсцы Пабеда
У Шумілінскім раёне працягваецца рэстаўрацыя ўнікальнага помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя – храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пабеда. Пра тое, якія работы вядуцца зараз, хто дапамагае і якая падтрымка неабходная, даведаліся ў настаяцеля храма Вадзіма ЯСКО.
– Айцец Вадзім, гэты храм называюць жамчужынай нашага раёна. Раскажыце, у чым яго галоўная каштоўнасць і асаблівасць?
– Гэты храм, сапраўды, з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. Яго ўнікальная архітэктура спалучае ў сабе элементы заходняга дойлідства з праваслаўнай традыцыяй. Такіх храмаў няма нідзе. Калі хтосьці ўбачыць – дайце ведаць. За сваю гісторыю будынак перажыў нямала ўзрушэнняў, у савецкія гады тут быў зернесклад. Сёння храм прыцягвае турыстаў, у ім адрадзілася царкоўнае жыццё і рэгулярна праходзяць набажэнствы.
– Якія работы па яго аднаўленні зараз стаяць на першым месцы?
– Будынак патрабуе рамонту, як знешняга, так і ўнутранага. Патрабуецца абнаўленне ўсіх драўляных канструкцый: вялікіх вокнаў, лесвіцы на званіцу, столі, падлогі ў алтары. Зараз шукаем спецыяліста, які хоча дапамагчы зрабіць лесвіцу, каб праводзіць далейшыя работы даху і званіцы. Матэрыял для яе будоўлі ў нас ёсць, з ім у свой час дапамог Шумілінскі лясгас.
– Рэстаўрацыя старадаўняга цаглянага будынка патрабуе велізарных выдаткаў. Плошча храма – 450 квадратных метраў. Дзе і ў каго вы шукаеце сродкі?
– У асноўным дапамагаюць нераўнадушныя людзі, праваслаўныя вернікі, індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі некаторых арганізацый раёна. Дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў аказвае актыўную дапамогу па добраўпарадкаванні храма, за што яму вялікі дзякуй. Аднавіць храм варта ў першую чаргу для захавання нашай багатай спадчыны. Вельмі хочацца, каб гэтае месца было цу-
доўным.
– Што б вы хацелі сказаць жыхарам і гасцям Шуміліншчыны, усім тым, хто задумваецца пра тое, каб унесці свой пасільны ўклад у аднаўленне царквы?
– Многія прывыклі захапляцца чымсьці чужым, адкрываць для сябе новыя месцы ў іншых гарадах і краінах. Пры гэтым забываюць, што ў нас саміх ёсць непаўторнае цудоўнае месца, за якое мы можам таксама адчуваць велізарнае пачуццё гонару. Варта толькі ўсім разам прыкласці для гэтага намаганні. У гэтым і ёсць клопат пра сваю спадчыну.
– Айцец Вадзім, давайце памарым: якім вы бачыце храм праз 10, 20, 30 гадоў?
– Хочацца, каб праз столькі гадоў ён быў поўнасцю ўладкаваны, прыгожым і поўным людзей, якія разумеюць, што без духоўнага жыцця чалавек не з’яўляецца чалавекам. Хочацца, каб людзі праз гэты храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пабеда прыходзілі да Бога.
Дарагія браты і сёстры! Мы будзем удзячныя кожнаму, хто адгукнецца і дапаможа ў аднаўленні храма. Бо справы на славу Божую распасціраюцца ў стагоддзі і адбіваюцца не толькі на нас, але і на будучых пакаленнях сваіх угоднікаў. Мой тэлефон для кантактаў +375(29)894-87-37.
Рэквізіты: УНП 300995022 р/р: BY59AKBB30155022016980000000 (бел. рублі) Банк: ЦБП 225 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. п. Шуміліна, БИК AKBBBY2X Прыход храма Успення Прасвятой Багародзіцы в. Пабеда Шумілінскага раёна Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Гутарыла Дар’я ЧАПУРНОВА.

