Зарядная станция для электромобилей начала работать в Шумилино

Новости Общество

Першая зарадная станцыя для электрамабіляў пачала працаваць у Шуміліне

Афіцыйны старт работы новага інфраструктурнага аб’екта быў дадзены ў апошні дзень чэрвеня. Сучасны зарадны комплекс размясціўся ў самым цэнтры гарадскога пасёлка – на цэнтральнай плошчы.

З’яўленне першай хуткай электразапраўкі ў нашым райцэнтры – гэта не проста лакальная падзея, а частка маштабнага трэнду, які ахапіў усю краіну. Па дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, сёння практычна кожны трэці набываемы аўтамабіль прыводзіцца ў рух электрычнасцю. Колькасць «зялёных аўтамабіляў» павялічылася і на шумілінскіх дарогах. Так райцэнтр увайшоў у маштабную праграму па ліквідацыі «белых плям» на карце зараднай інфраструктуры паўночнага рэгіёна.

Прадстаўнік кампаніі BatteryFly Максім Мышанцаў расказаў, што цяпер у жыхароў і гасцей Шуміліншчыны ў распараджэнні ёсць хуткая станцыя пастаяннага току магутнасцю 100 кВт.

«Комплекс абсталяваны двума самымі запатрабаванымі тыпамі канектараў – для электрамабіляў кітайскай вытворчасці, еўрапейскага і амерыканскага рынку. Станцыя здольная зараджаць дзве машыны адначасова, а папаўненне запасу энергіі да аптымальных 80% займае ў сярэднім каля 40 хвілін, – дадаў ён. – Наша сетка прапануе два тарыфы ў кругласутачным рэжыме. Дзённы складае 65 капеек за кілават-гадзіну, начны – 49 капеек. З усімі падрабязнасцямі можна азнаёміцца ў аднайменным дадатку сеткі».

Адкрыццё электразапраўкі ў Шуміліне зробіць наш рэгіён больш адкрытым для аўтападарожнікаў і створыць камфортныя ўмовы для мясцовых жыхароў-уладальнікаў эканамічных і экалагічна чыстых аўтамабіляў.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

ПРАВІЛЫ  КАРЫСТАННЯ

Для таго, каб заправіць электрамабіль, вадзіцелям не спатрэбіцца дапамога аператара, бо ўвесь працэс поўнасцю аўтаматызаваны. Для пачатку неабходна ўстанавіць дадатак BatteryFly на мабільны тэлефон (даступна для Android і iOS), затым, пад’ехаўшы да электразапраўкі, уставіць кабель у зарадны порт аўтамабіля, праз дадатак для запуску станцыі адсканіраваць QR-код, размешчаны на корпусе станцыі, аплаціць паслугу прывязанай банкаўскай картай. Сачыць за ходам зарадкі можна ў рэжыме анлайн. Па заканчэнні зарадкі абавязкова трэба дастаць канектар з электрамабіля і павесіць яго на месца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *