Следства вядзе… мясцовая
12 верасня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь адзначыць 15 год з дня ўтварэння. З гэтай нагоды рэдакцыя падрыхтавала шэраг публікацый, у якіх раскажа пра тых, хто служыць у Шумілінскім раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Сёння знаёмім з самым маладым следчым райаддзела.
Ганна БАГДАНАВА прыйшла ў раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь 1 ліпеня. Яна – свая, шумілінская, закончыла юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.
«Сама выбрала Шуміліна, – расказвае Ганна. – На чацвёртым курсе тут праходзіла практыку. Спадабаўся калектыў. Усе ўмовы для працы. І я вырашыла, што вярнуся на малую радзіму»
Тэорыя ва ўніверсітэце – гэта адно, а рэальныя справы – зусім іншае. Першы месяц – як акунанне ў ледзяную ваду. Бо яе справы – не дробязь: карупцыя – гэта калі людзі, ад якіх залежыць лёс іншых, пачынаюць гуляць у свае гульні, і незаконнае паляванне – калі на жывёлу ідуць з ружжом і без адпаведных дакументаў.
Ганна маладая, але ў вачах ужо не юнацкі бляск, а спакойная пільнасць. Яна можа гадзінамі сядзець над паперамі, вылоўліваючы лічбы, якія дзесьці «схаваліся», а потым паехаць на месца злачынства і ўбачыць новыя доказы.
Настаўнік у Ганны – вопытны следчы Аксана Аглушэвіч, якая летась стала лепшым следчым у вобласці. Не проста старшы калега, а чалавек, які падставіць плячо, падкажа, дапаможа. Яна вучыць Ганну адчуваць справу: дзе хлусяць, дзе баяцца, а дзе проста разгубіліся.
Дзяўчыне падабаецца яе работа. Як сама кажа, не проста пасада – а сапраўдны драйв. Калі не ведаеш, што будзе заўтра, калі тэлефон можа зазваніць а чацвёртай раніцы, а потым глядзіш, бярэш каву, пазбаўляешся ад хвалявання і ідзеш на месца злачынства.
Шуміліна – невялікі гарадок, тут кожны адзін аднаго ведае. І Ганне даводзіцца быць цвёрдай, калі трэба, і добрай, калі можна. Яна толькі пачынае свой працоўны шлях.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

