Юлия Рудак: родилась с художественным уклоном

2026 - Год белорусской женщины Мир увлечений Общество

«Нарадзіцца з мастацкім ухілам – гэта пра мяне»

Калі заходзіш у кватэру Юліі РУДАК з Обалі, адразу звяртаеш увагу на сцены і аркі з узорамі. Такія не ўбачыш больш ні ў каго, бо яны зроблены рукамі Юліі па яе ўласным праекце.

«Нарадзіцца з мастацкіх ухілам – гэта пра мяне, – усміхаецца Юлія Рудак. – Малюю з двух гадоў. З дзяцінства пішу вершы, люблю ствараць прыгажосць сваімі рукамі». Бацька Сяргей Іосіфавіч Скуратовіч выразаў розныя падзелкі з дрэва, рабіў караблі з кардона, добра маляваў. А Юлія пайшла далей: працуе з дэкаратыўнай тынкоўкай, займаецца роспісам сцен. У дапамогу – трафарэты і розныя тэхнікі («веніцыянка», «вінтаж», «гратаж»). Многа гадоў жанчына стварае аб’ёмныя карціны на гіпсакардоне ці на палатне. «Калі малюю карціну на палатне, выкарыстоўваю мастацкую структурную пасту, калі на гіпсакардоне – гіпсавую шпаклёўку, – дзеліцца творчымі тонкасцямі Юлія.

– Многія карціны мне заказваюць сябры ў падарунак да святаў. Работы спалучаюць у сабе пластычнасць, яркасць і даўгавечнасць. Напрыклад, зараз ствараю карціну з казкі пра Айбаліта для сваіх сяброў з раённай бібліятэкі. Справа карпатлівая і марудная, але мне падабаецца. Працую раскройшчыцай на прыватным прадпрыемстве ў Обалі, а вечар аддаю на захапленне для душы».

Параўнальна нядаўна Юлія Рудак занялася кастамізацыяй – ператварае звычайнае адзенне ва ўнікальнае. Яно не вісіць у шафах, а ў літаральным сэнсе гуляе па вуліцах. На такую трэндавую справу натхніў не толькі інтэрнэт, але і дачка-студэнтка Марыя, якой хочацца змяніць адзенне пад свой стыль. Так з’явілася некалькі непаўторных і арыгінальных футболак і джынсаў. Юлія спачатку наносіць узор спецыяльным алоўкам, а потым размалёўвае ад такіх падарункаў.

Звычайна на роспіс патрэбна вечароў пяць. Юлія прызнаецца, што шчаслівая, калі займаецца любімай справай. Гатова перадаць свой вопыт іншым, але яе родныя і знаёмыя лічаць за лепшае атрымліваць прыгожыя рэчы ад таленавітага творцы ў падарунак.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *