Сельский депутат Наталья Соколова: «Мне повезло с односельчанами»

2026 - Год белорусской женщины Общество

Народная падтрымка натхняе

Актыўная жыццёвая пазіцыя, імкненне дапамагаць людзям прывялі Наталію СОКАЛАВУ ў дэпутацкі корпус. Трэцяе скліканне дэпутат Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў апраўдвае давер аднавяскоўцаў.

Наталія Сокалава родам з Украіны, другой сваёй радзімай лічыць аграгарадок Мікіціха, дзе жыве амаль сорак гадоў. Сюды прывяло каханне – прыехала на радзіму мужа Сяргея, з якім пазнаёмілася падчас яго тэрміновай ваеннай службы. Колькі сябе помніць, яна заўсёды была актывісткай і праўдалюбам па жыцці. Смела адстойвала свой пункт погляду, робіць гэта і цяпер. Упершыню яе абралі дэпутатам па Дальняй выбарчай акрузе №1 у 2015 годзе. Натхнёная народнай падтрымкай, Наталія Сокалава ўзялася за работу, разумеючы, што галоўная яе задача – дапамагаць людзям. Ушчыльную працавала са старшынёй сельвыканкама Святланай Кійко, а цяпер з новым старшынёй – Юліяй Савасцьянавай. Абедзве кажуць ухвальныя словы пра грамадскую работу дэпутата.

У 2017 годзе Наталію Сокалаву абралі старэйшынай аграгарадка Мікіціха. Як спраўляецца з двума грамадскімі пасадамі? Лёгка – энтузіязму і актыўнасці хапае. «Наша Анатольеўна як добры гаспадар у доме – клапоціцца пра ўтульнае і камфортнае жыццё», – кажуць мікіціхінцы. Як правіла, яны звяртаюцца да старэйшыны і дэпутата па жыцейскіх і бытавых праблемах: асвятленне вуліц, расчыстка дарог, апрацоўка прысядзібных участкаў, высечка кустоў, рамонт жылфонду. Наталія Анатольеўна ведае, куды і каму адрасаваць пытанні. Кажа, што ў многім дапамагае дырэктар СУП «Лаўжанскае» Яўген Дзятлоўскі, з якім «у адной вупражы», бо ён таксама з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў.

Н. А. Сокалавай няцяжка наладзіць кантакт з жыхарамі аграгарадка – многія прыводзяць сыноў і дачок, унукаў у мясцовы дзіцячы сад, дзе 38 гадоў Наталія працуе выхавальнікам. У мінулым годзе па ініцыятыве старэйшыны мікіціхінцы навялі парадак на вуліцы Садовай – высеклі кустоўе. Актыўным памочнікам стаў мясцовы жыхар Андрэй Чэклін, падключыліся работнікі мясцовага падраздзялення УП ЖКГ, лясніцтва. Сёлета многія вяскоўцы ўключыліся ў работу па расчыстцы снегу. Калі звярнуліся наконт расчысткі праезду да Мазурынскіх грамадзянскіх могілак, пытанне было вырашана станоўча. «Прыемна на душы, калі атрымліваецца дапамагчы людзям, у такія хвіліны адчуваю сваю значнасць і карысць, – кажа Наталія Сокалава. – Увогуле мне пашанцавала з аднавяскоўцамі. Многія з іх ініцыятыўныя і спагадлівыя, з такімі можна вырашаць праблемы».

Між іншым, і ў вольны ад работы час Наталія Сокалава з людзьмі: з’яўляецца ўдзельнікам танцавальнага калектыву «Ветэран» пры Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу, цесна супрацоўнічае з бібліятэкай, дзе разам праводзяць пасядзелкі для людзей сталага ўзросту.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *