Да пачатку ацяпляльнага сезона застаецца ўсё менш часу. У Шумілінскім раёне павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці 73 арганізацыі і прадпрыемствы. На ўчарашні дзень гатоўнасць пацвердзілі 52. Хто рызыкуе сарваць дэдлайны, расказалі намеснік старшыні райвыканкама Максім Русецкі і інспектар энергагазнагляду Віцебскага МРА Валерый Строкін.
адрыхтоўка да новага ацяпляльнага сезона сёння – галоўны прыярытэт для ўсіх службаў раёна, заўважыў Максім Алегавіч. «Мы разумеем адказнасць перад людзьмі. Зіма прыйдзе нечакана толькі да тых, хто не рыхтаваўся. Таму ўсе структуры – ад камунальнікаў да кіраўнікоў прадпрыемстваў – працуюць у адзіным рытме. Наш абавязак – зрабіць усё, каб цеплазабеспячэнне працавала надзейна і без збояў, каб людзі адчувалі сябе камфортна», – працягвае ён. Сітуацыя знаходзіцца на асабістым кантролі намесніка старшыні райвыканкама.
Аднымі з першых пашпарты гатоўнасці атрымалі аптэка № 40 УП «Фармацыя», раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і Шумілінскі дзіцячы сад № 1. Як адзначыў Валерый Строкін, у раёне да зімы пачалі рыхтавацца адразу пасля заканчэння ацяпляльнага сезона – і гэта дае свой плён. Кіраўнікі прадпрыемстваў разумеюць: якаснае лета – залог бяспечнай безаварыйнай зімы. Таму работа вядзецца сістэмна і прадумана.
Самы вялікі фронт работ традыцыйна ляжыць на плячах камунальнай службы. УП ЖКГ трэба падрыхтаваць не толькі жыллёвы фонд, а гэта 295 шматкватэрных дамоў, але і 14 кацельняў. «Работы тут сапраўды шмат, – кажа Валерый Строкін. – Раённая служба працуе па дакладна вызначаным плане. Кацельні да зімы гатовы, завяршаецца падрыхтоўка і жылфонду».
Аднак, разам з тым, не ўсё гладка. На фоне агульнага аптымізму інспектар назваў тры прадпрыемствы, дзе сітуацыя насцярожвае: чыгуначная станцыя ў Шуміліне, гіпермаркет «Санта-Рытэйл» і ААТ «АграБаравінка» пакуль не падрыхтаваліся як след да ацяпляльнага сезона. Аднак Валерый Строкін дадае: да 20 верасня яшчэ ёсць час, і калі там сур’ёзна возьмуцца за падрыхтоўку, змогуць выправіць становішча.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

