
Тры пакаленні аб’яднала цырымонія
У СШ № 1 г. п. Шуміліна 37 вучняў шумілінскіх школ зрабілі крок у дарослае грамадскае жыццё.
Урачыстая цырымонія ўступлення ў рады грамадскіх аб’яднанняў аб’яднала 14 акцябрат, 14 піянераў і 9 юнакоў і дзяўчат, якія папоўнілі рады БРСМ. Кожны з іх атрымаў давер дарослых і адказнасць за будучыню краіны.
Самая кранальная хвіліна – калі на грудзях маленькіх вучняў загараюцца чырвоныя зорачкі. Акцябраты, трымаючы рукі на сэрцы, прамаўлялі словы не па-дзіцячы сур’ёзна. Яны абяцалі быць працавітымі, сумленнымі і любіць Беларусь.

Потым эстафету перанялі піянеры. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якім завязалі чырвона-зяленыя гальштукі, цяпер не проста вучні, а нашчадкі традыцый.
Сапраўднай кульмінацыяй стала ўручэнне білетаў БРСМ. 19 старшакласнікаў – самых актыўных і ініцыятыўных – атрымалі не толькі значкі, але і рэальны інструмент уплыву на жыццё рэгіёна. Для іх БРСМ –стартавая пляцоўка для праектаў, валанцёрскіх акцый і грамадскіх ініцыятыў.
Першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава і старшыня Шумілінскага раённага Савета БРПА Тамара Мураўёва заклікалі не баяцца прапаноўваць ідэі, быць карыснымі грамадству і памятаць, што адзінства краіны пачынаецца з маленькіх крокаў кожнага.
Мерапрыемства закончылася пад апладысменты. У вачах новаспечаных акцябрат, піянераў і членаў БРСМ чыталася пачуццё гонару. Традыцыі жывуць, пакуль іх перадаюць з рук у рукі – ад зорачкі да гальштука, ад гальштука да значка.
Свята стала яркім сімвалам пераемнасці патрыятычных традыцый і грамадзянскай адказнасці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.





