Трэці – Бацькаў!
У Шуміліне адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння падарункаў ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі – сімвалічнай «Бацькавай кашулі».

1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, па ініцыятыве Беларускай партыі «Белая Русь» у краіне стартаваў унікальны маштабны рэспубліканскі праект «Трэці – Бацькаў». Ён пераклікаецца з вядомай фразай Прэзідэнта, што трэцяе дзіця – «маё». Цяпер кожная сям’я, у якой з’яўляецца трэцяе дзіця, атрымлівае асаблівы падарунак – ільняную кашулю з беларускім арнаментам, акуратна пакладзеную ў драўляны куфар і дапоўненую аўтарскай легендай-пажаданнем. Ганаровае права стаць першымі ўдзельнікамі праекта ў Шумілінскім раёне выпала тром мнагадзетным сем’ям: Раўдо, Новікавым і Шыман-Жыгуновым.
Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня народнага адзінства, сабрала ў аддзеле загса райвыканкама прадстаўнікоў раённай улады і грамадскасці: старшыню райвыканкама Мікалая Будневіча, старшыню раённага Савета дэпутатаў Руслана Матвейчука, намесніка старшыні райвыканкама Ірыну Шалахаву, прадстаўніка раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Аляксея Крыўко. Віншаванні і падарункі прымалі сем’і, у якіх у гэтым годзе нарадзілася трэцяе дзіця: Міхаіл і Вольга Раўдо з маленькім Андрэйкам, Сяргей і Алена Новікавы з сынам Аляксандрам, Уладзіслаў Шыман і Таццяна Жыгунова з сыночкам Глебам.

Як адзначыла начальнік аддзела загса Ірына Якаўлева, радасць з’яўлення трэцяга дзіцяці сёлета прыйшла ўжо ў 17 сямей раёна.

Драўляныя куфары, ільняныя кашулі і легенды-абярэгі стануць для малых духоўнай падтрымкай і сямейнай рэліквіяй, якую будуць перадаваць з пакалення ў пакаленне.
Праект «Трэці – Бацькаў» накіраваны на ўмацаванне сям’і і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей. Ён звязаны з Годам беларускай жанчыны і падкрэслівае ўвагу дзяржавы да яе ролі ў грамадстве. Ініцыятыва нагадвае: кожная сям’я і кожнае дзіця знаходзяцца пад надзейнай дзяржаўнай падтрымкай.






