Сігнал бяспекі: маленькі прыбор, вялікая абарона
У Шумілінскім раёне працягваецца рэспубліканская інфармацыйная кампанія па павышэнні бяспекі грамадзян. У яе рамках ратавальнікі наведваюць домаўладанні і кватэры сацыяльна неабароненых жыхароў – адзінокіх людзей, інвалідаў, сталых грамадзян. Чарговы прафілактычны рэйд прайшоў сумесна з работнікамі ТЦСАН. Спецыялісты наведалі жыхароў вёсак Добрына і Пабеда Лаўжанскага сельсавета, а таксама г. п. Обаль.

Галоўная задача візіту – устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Прыборы былі набыты дзякуючы падтрымцы дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
«Аўтаномны апавяшчальнік здольны своечасова папярэдзіць пра пажар і выратаваць жыццё. Але важна не толькі ўстанавіць прыбор, але і сачыць за яго спраўнасцю», – нагадаў інспектар РАНС Вадзім Півавараў.

Падчас гутарак спецыялісты падрабязна патлумачылі алгарытм дзеянняў пры ўзнікненні пажару, акцэнтавалі ўвагу на бяспечным выкарыстанні печаў і электрапрыбораў.
«Не пакідайце уключаныя электрапрыборы і печы без нагляду, не карыстайцеся няспраўным абсталяваннем і не курыце ў ложку. Большасць бытавых пажараў можна прадухіліць, калі выконваць элементарныя правілы бяспекі», – падкрэслілі ратавальнікі.
Прафілактычныя рэйды дапамагаюць своечасова выяўляць небяспечныя фактары, павышаюць інфармаванасць насельніцтва і дазваляюць прадухіліць трагедыі.
У ходзе рэйду ўстаноўлена 8 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У бліжэйшы час у рамках кампаніі будуць устаноўлены дадаткова яшчэ 22 прыборы.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

