Труд. Успех. Победа. Представляем лучших педагогов Шумилинщины и их достижения

Главное Образование Общество

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана ТАЛСТАЯ:
– Педагогі Шуміліншчыны – творчыя і актыўныя, здольныя дасягаць самых высокіх вяршынь. Прычым робяць гэта ў самых розных сферах. Даследчыя работы нашых вучняў перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях, заявілі пра сябе і ў музейнай справе, нашы дзеці паказалі сябе ў спорце – выйгралі штогадовую абласную спартакіяду школьнікаў. І такіх прыкладаў шмат. Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым, ісці наперад да новых вяршынь.

Калегі, ветэраны педагагічнай працы! Шчыра віншую вас з Днём настаўніка. Як прадстаўнікі самай высакароднай прафесіі, сваёй штодзённай працай вы адкрываеце падрастаючаму пакаленню навакольны свет, даяце грунтоўныя веды, паспяхова фарміруеце любоў да Радзімы, пачуццё адказнасці за лёс і будучыню краіны. Жадаю далейшых здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі. Моцнага здароўя, творчых поспехаў, сямейнага дабрабыту.

Працаваць так, каб перамагаць

Педагогі СШ №1 г. п. Шуміліна заўсёды маюць нямала пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. Так, у мінулым навучальным годзе вучні Святланы Кучмаровай (настаўніца біялогіі) і Вольгі Церашчук (настаўніца хіміі) перамаглі на абласных алімпіядах і ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх. Каманды школы па валейболе, баскетболе і шахматах (настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Юрый Мясаедаў і Андрэй Лялюга) сталі пераможцамі ў абласной спартакіядзе школьнікаў. За апошнія пяць гадоў вучні настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Інц тройчы займалі прызавыя месцы на абласной алімпіядзе і столькі ж на рэспубліканскай. А Вікторыя Шэдзько заняла другое месца нават на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія – Беларусь: гістарычная і духоўная адзінства».

Задор і энергію дзеці даюць

Прыехала на адпрацоўку і засталася назаўсёды – гэта пра Святлану Калеснікаву, настаўніцу пачатковых класаў Слабадской БШ.  «З першага года майго настаўніцтва прайшло больш за трыццаць гадоў, – усміхаецца Святлана Віктараўна. – А любоў да прафесіі стала яшчэ мацней – задор і энергію дзеці даюць». Святлана Калеснікава займаецца з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю. Яе трэцякласнікі Ульяна Казелька і Сямён Вераб’ёў у маі занялі першае месца ў вобласці за работу “Праўда аб вайне ў творах беларускіх пісьменнікаў».  С. В. Калеснікава адказвае за работу піянерскай дружыны школы, займаецца і грамадскай дзейнасцю – з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Кожны можа стаць лепшым

Стаць лепшым можа і вучань пачатковай школы, і выпускнік. Гэта пацвярджаюць настаўнік фізічнай культуры Обальскай СШ Віктар Гусакоў і настаўнік пачатковых класаў Таццяна Лузгіна.  У мінулым годзе выпускнік школы заняў трэцяе месца на абласной алімпіядзе па фізічнай культуры. У гэтым – вялікая заслуга Віктара Гусакова, які з 8 класа рыхтаваў вучня да перамогі. Было шмат стартаў (як паспяховых, так і не вельмі) на раённых і абласных спаборніцтвах, безліч заняткаў і трэніровак – усё для таго, каб дасягнуць выніку.  Таццяна Лузгіна займалася з другакласнікам доследнай работай «У пошуках бабы Ягі». Вынікам стала другое месца на абласным конкурсе даследаванняў «Вернісаж».

Пра бісер і летні адпачынак

Педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Маргарыта Сілкіна вядзе аб’яднанні па інтарэсах «Чароўная пацерка» і «Мова праграмавання скрэтч». Летам Маргарыта Альбертаўна была начальнікам першай змены аздараўленчага лагера «Пунсовы ветразь»і трэцяй змены дзённага лагера сацыяльна-педагагічнй накіраванасці «Альтэрнатыва».  Маргарыта – максімаліст па жыцці і ў рабоце. Яе выхаванцы занялі першае месца ў рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Саматканы цуд», а «Альтэрнатыва» заняла трэцяе месца ў абласным конкурсе на лепшы выхаваўча-аздараўленчы і спартыўна-аздараўленчы лагер.

Ад конкурсаў –  да алімпіяд

Многія настаўнікі СШ № 2 могуць пахваліцца сваімі перамогамі. Так, вучні, якіх рыхтавала педагог-арганізатар Людміла Федчанка, перамаглі ў мінулым навучальным годзе ў 15 раённых і абласных конкурсах. Вучні настаўніцы абслугоўваючай працы Раісы Мурковай пастаянна паказваюць добрыя вынікі ў раённых алімпіядах па прадмеце і ў абласных. А настаўніца пачатковых класаў Галіна Траццякова друкуе свае метадычныя напрацоўкі ў часопісе «Класны кіраўнік», удзельнічае ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, а яе вучні –  удзельнікі раённых конкурсаў і віцебскіх дыстанцыйных алімпіяд, дзе перамагаюць.

Праз асабістае, праз сябе

Настаўнік пачатковых класаў і педагог-арганізатар Кардонскай СШ Наталля Баранава жыве ў Мішкавічах. Летась яе сваячка, якая вучылася ў 8 класе, пасля аднаго з мерапрыемстваў пра генацыд беларускага народа ў гады вайны спытала ў Наталлі Станіславаўны пра мясцовых жыхароў. Так узнікла тэма. Пачалі вывучаць лёсы землякоў, якіх акупанты вывазілі ў Германію. У выніку хапіла матэрыялаў на даследаванне, якое атрымала трэцяе месца на 18-й міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг. у гістарычнай памяці народа».

Вывучае з дзецьмі родны край

Калектыў дзіцячага сада №4 г. п. Шуміліна – адзіны ў раёне, які працуе па абласным творчым праекце «Далучэнне дзяцей да культурнай спадчыны роднага краю». Кіраўніком праекта з’яўляецца намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці вопытны педагог і актывіст Наталля Несцерава. Яна курыруе выхаваўчую работу, правядзенне мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага напрамку, экскурсій па родным краі, удзел у раённых конкурсах (маюць нямала перамог). У дашкольнай установе адкрыта таксама патрыятычная група «Дружныя патрыёты».

Другая радзіма

Раіса Шкурко родам з Брагіншчыны, пераехала ў Амбросавічы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З першых дзён работы яна, настаўніца пачатковых класаў, вяла фальклорны гурток. Разам з дзецьмі вывучалі мясцовую спадчыну. З нядаўняга часу Раіса Міхайлаўна адказвае за школьны музей «Беларуская хатка», які налічвае амаль 400 экспанатаў. Дзеці адчуваюць апантанасць кіраўніка і з задавальненнем ідуць у музей. У мінулым годзе вучні Амбрасавіцкай БШ занялі трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў.

Даследчыя работы захапляюць

Акрамя прывычных урокаў, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Мішневіцкай БШ Надзея Бабаева прапануе вучням даследчыя работы, якія прымушаюць рухацца наперад, працаваць над сабой і перамагаць. Так, у мінулым навучальным годзе пяцікласніца Анастасія Сталярова з работай «Ператварэнне малекул у эксклюзіўныя рэчы» заняла ў вобласці першае месца, а васьмікласніца Ганна Сямёнава – трэція месцы ў абласных конкурсах даследчых работ «Квант» і «Патрыёт бай», другое месца – у конкурсе «Я пазнаю свет». Зараз вучні Надзеі Барысаўны працуюць над дзвюма даследчымі работамі, адна з якіх тычыцца магчымасці каланізацыі Марса.

З выхавальніка – у загадчыкі

Тры гады працуе загадчыцай дзіцячага сада № 2 г. п. Шуміліна Анжэла Гарлачова, да гэтага ў яе больш за 20 год работы выхавальнікам у Светласельскім дзіцячым садзе і дзіцячым садзе №1. Анжэла Віктараўна пераканана – каб быў вынік, павінна быць база. Вось гульнявую зону навялі, справіліся са спартыўнай пляцоўкай, давялі да розуму веранды, аздобіўшы іх ромбамі з нацыянальнымі сімваламі – і зараз тэрыторыю сада можна назваць адной з лепшых сярод дашкольных устаноў. І гэта работа не толькі калектыву, а і бацькоў, якіх выхавальнікі падключылі да агульнай справы.

Камандны поспех

Другі год запар прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца ў Башнёўскай БШ, дае плён: выпускнікі працягваюць навучанне ў сельскагаспадарчых установах па мэтавых дагаворах. Калектыў школы ўзначальвае Валянціна Скірман – вопытны педагог, чый педагагічны стаж складае амаль 40 год. «Поспех работы – у камандзе, – упэўнена Валянціна Анатольеўна. – З такімі намеснікамі, як Алена Пузікава, Кацярына Трус і Святлана Яўсейчык, можна зрабіць вельмі многае».

З музыкай на «ты»

Музычны кіраўнік у дзіцячым садзе – арганізатар мерапрыемстваў. Ён і сцэнарыст, і пастаноўшчык, і акцёр. І толькі калі музычны кіраўнік творчы і апантаны, святы атрымліваюцца шчырымі і цікавымі як для дзетак, так і для бацькоў. Менавіта з такой кагорты музычны кіраўнік дзіцячага сада №1 г. п. Шуміліна Ірына Верам’ёва. Трэба заўважыць, толькі дзетсадаўскімі выступленнямі не абмяжоўваюцца. Цікавую харэаграфічную кампазіцыю з элементамі беларускіх народных танцаў дзіцячы сад № 1 прадставіў на раённы праект «Моднае#народнае», а танец «Дзеці вайны» можна смела назваць адной з візітак сада.

Дзве Наталлі з Мікіціхі

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікіціхінскай СШ Наталля Муцюк адыграла адметную ролю ў жыцці настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Наталлі Галавачовай. Яна яе вучыла ў школе, дапамагала пры паступленні ў ВНУ, курыравала як маладога спецыяліста. Цяпер ужо абедзве Наталлі ўмела далучаюць вучняў да работы над сур’ёзнымі даследаваннямі. З найбольш каштоўных перамог Наталля Муцюк называе першае месца яе вучаніцы на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Першы крок у навуку», а Наталля Галавачова – прызавое месца на абласной канферэнцыі «Эўрыка» (дарэчы, шумілінскія знаўцы ў прызы трапілі ўпершыню за пяць апошніх год).

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *