Вялікі дзякуй за абед
– А што гатуеце сёння на абед?
– Боршч, рысавую кашу і смажаную рыбу, а на дэсерт – булачкі з кавай, – адказвае повар сталовай СУП «Лаўжанскае» Святлана Казлоўская.
Кожную вясну повар са стажам Святлана Казлоўская (16 год адпрацавала ў Обальскім дзіцячым садзе) ўладкоўваецца ў сталовую мясцовага сельгаспрадпрыемства і працуе тут да глыбокай восені, да апошніх палявых работ. Праўда, сёлета з-за дэфіцыту кадраў гатуюць абеды толькі для сваіх механізатараў.
«На кухні я не адна, працую разам з загадчыкам гандлёвага аб’екта грамадскага харчавання Святланай Духовіч, – кажа Святлана Казлоўская. – Прыгатаваць 15-20 абедаў адной нялёгка, а разам работа спорыцца. Учора варылі гарохавы суп, кашу грэцкую з сардэлькамі. У меню – і пюрэ з гуляшом, і катлеты, і блінчыкі з мясам». Стараюцца, каб абеды былі разнастайнымі, улічваюць і пажаданні механізатараў. Калі тушаць бульбу з мясам, то абавязкова да “другога” кладуць агуркі, бо так смачней. Іншы раз мужчыны заказваюць міні-піцы і лавашы – кажуць, што з імі супы смачней і сытней.
Мясныя прадукты для сталовай прывозяць з Віцебскага мясакамбіната, там жа бяруць капусту і цыбулю. Бульбу закупілі ў СФГ «Раднік», а крупы, макарону, хлеб набываюць у мясцовым магазіне.
«Вясна – напружаны час для механізатараў, а добра папрацуеш толькі тады, калі добра пад’ясі», – з веданнем справы зазначаюць Святлана Казлоўская і Святлана Духовіч.
Пасля таго, як абеды прыгатаваныя, іх развозяць на палеткі, як кажуць, з дастаўкай на месца – туды, дзе вядуцца сяўба, ворыва, баранаванне. Поварам вельмі прыемна, калі механізатары перадаюць «вялікі дзякуй за абед».
Адзначым, што за гарачае харчаванне ў механізатараў вылічваюць з заробку толькі 20% кошту, астатнія 80% бярэ на сябе гаспадарка. У грашовым выражэнні адзін абед абыходзіцца аграрыям вельмі танна –1-1,5 рубля.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

