Героини скорой помощи. Их связало Шумилино

2026 - Год белорусской женщины Главное Здоровье Общество

Гераіні  хуткай  дапамогі. Іх  звязала  Шуміліна

Святлана Васільева, Святлана Дубко, Таццяна Вячына і Валянціна Ляпнёва

За плячыма ў гэтых жанчын сотні выратаваных жыццяў. Дапамога людзям для іх — не проста прафесія, а лёс.

Свой выбар юныя дзяўчаты Святлана ВАСІЛЬЕВА з Наваполацка, Святлана ДУБКО з Бешанковіцкага раёна, Таццяна ВЯЧЫНА з Гарадоцкага і Валянціна ЛЯПНЁВА з Шумілінскага зрабілі ў далёкім 1985-м, калі вырашылі паступаць у Полацкае медыцынскае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка. А пасля яго заканчэння ўсё жыццё былі звязаны моцнай ніткай адной прафесіі. У Шуміліне жанчыны прайшлі не толькі доўгі працоўны шлях, але і пабудавалі сем’і, выхавалі дзяцей, знайшлі сяброў і здабылі душэўны спакой.

2026 год стаў для гэтых шумілінскіх медыкаў адметным. У жанчын не прынята пытацца пра ўзрост, таму будзем лічыць гэта чыстай фармальнасцю і назавём час уходу на заслужаны адпачынак новым этапам у жыцці.

«За час работы на хуткай дапамозе было ўсякае, як добрае, так і дрэннае», – успамінаюць калегі. Даводзілася прымаць роды і канстатаваць смерць, ратаваць ад інфарктаў і інсультаў, імчацца ў карэце хуткай дапамогі з хворым на руках навыперадкі са смерцю і ў думках маліцца, каб чалавек выжыў». Іх праца – гэта пра адказнасць, хуткае рэагаванне, уменне прымаць верныя рашэнні з першага разу, таму што другога шанцу, як правіла, няма.

Сёння, калі ўспамінаць усе выпадкі і гісторыі, якія адбыліся за ўвесь працоўны стаж работы, не хопіць старонак нашай газеты. Аднак у памяці кожнай з жанчын засталася гісторыя, якая змяніла іх свядомасць і навучыла па-іншаму глядзець на свет.

Старшым фельчарам аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ў Шуміліне і паста Обаль апошнія 5 гадоў, пасля рэарганізацыі і далучэння да Віцебска, з’яўляецца Валянціна Ляпнёва. Да гэтага Валянціна Уладзіміраўна ўсё жыццё адпрацавала на «хуткай» выязным фельчарам. За свой амаль 40-гадовы стаж работы асаблівымі выездамі на дапамогу для яе сталі выклікі да пажылых людзей. «Заўсёды вельмі трапятліва ставілася да такіх выпадкаў, асабліва ў апошні час, калі свае дзеці выраслі, а бацькі сышлі з жыцця. Радасна, калі прыязджаеш на выклік, а старыя акружаны клопатам і любоўю. Так, я назаўжды запомніла размову са сталым хворым з вёскі Юрава. Ён расказаў, што ў яго доме заўсёды было душэўна, кіпела жыццё, гучаў смех, таму што

дзеці і ўнукі не забывалі, пастаянна наведвалі, адзначалі разам святы. А аднойчы напярэдадні Новага года яны сказалі, што прыехаць не атрымаецца. Тады, слухаючы яго, мне здалося, што жыццё спынілася. Але дзеці зрабілі

сюрпрыз і ўсё ж такі змянілі свае планы дзеля старых. Тады я на ўсё жыццё

для сябе зразумела: не заўсёды лечаць лекі, часам па-сапраўднаму вылечвае

стаўленне да чалавека», – падзялілася Валянціна Ляпнёва.

Таццяна Вячына працуе фельчарам выязной брыгады толькі з 2021 года, з таго моманту, як сістэма выклікаў камп’ютарызавалася і інфармацыя стала прыходзіць на спецыяльныя планшэты. А да гэтага 18 гадоў менавіта з яе

пачыналася хуткая дапамога ў прамым сэнсе слова, бо жанчына працавала

фельчарам па прыёме выклікаў. Работа «на тэлефоне» толькі на першы погляд

можа падацца лёгкай, на самай справе яна забяспечвае аператыўную сувязь

паміж пацыентам, брыгадай і іншымі службамі, патрабуючы высокай стрэсаўстойлівасці. Таццяна Іванаўна на ўсё жыццё запомніла сваё першае дзяжурства на пасадзе выязнога фельчара. 5 гадоў таму разам з калегай Ірынай Паньковай яна прыехала на дарожна-транспартнае здарэнне, дзе было

двое пацярпелых. «Як цяпер памятаю гэтую карціну: дарога, машына ў кювеце, каб аказаць дапамогу – трэба лезці ў канаву. Страх скаваў не толькі думкі, але і рухі. Але ён хутка знік, як толькі мы ўбачылі людзей, якім была патрэбна наша экстранная дапамога. Дзякуй Богу, усе засталіся жывыя, – успомніла Таццяна Вячына.

Святлана Дубко адзначыла, што кожны выпадак для яе асаблівы, кожны важны. Але з дрыжаннем у голасе фельчар расказала гісторыю, калі яна

літаральна выцягнула чалавека, як той казаў, з таго свету: «Мы прыехалі на

выклік, а ў мужчыны здарыўся інфаркт, пасля якога наступіла клінічная смерць. Словы тут складана падбіраць. Гэта была барацьба! Дзякуючы праведзеным рэанімацыйным мерапрыемствам сэрца ўдалося завесці. Гэта была сапраўдная перамога жыцця над смерцю. Мая вялікая перамога…».

Святлана Васільева пачынала сваю медыцынскую кар’еру ў радзільным аддзяленні ЦРБ. А пасля таго, як яно зачынілася, яе дарога перасеклася з былымі аднакурсніцамі і сяброўкамі на хуткай дапамозе, куды яна прыйшла

працаваць у 2009 годзе. Вядома, яе любімым выпадкам на новым месцы работы стала нараджэнне новага жыцця. Неаднаразова даводзілася самой прымаць роды. Хоць вопыт у гэтай справе ў Святланы Леанідаўны быў не маленькі, але рабіць гэта ў машыне хуткай дапамогі, са слоў фельчара, – вельмі хвалюючае і гіперадказнае задавальненне.

Падчас гутаркі з гэтымі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы на імгненне стала нават шкада, што такія аптымістычныя, вопытныя і адданыя сваёй прафесіі работніцы завершаць свой шлях па выратаванні людзей. Але яны хутка развеялі сумненні. Як высветлілася, пайсці на заслужаны адпачынак трое з іх не плануюць. Святлана Васільева наогул заўважыла, што ў іх узросце жыццё толькі пачынаецца! Разам гэтыя дзяўчаты не толькі выдатна працуюць, але і класна адпачываюць, адзначаюць святы і юбілеі, лётаюць на мора і ўсё жыццё падтрымліваюць ва ўсім адна адну. А вось Таццяна Вячына з нецярпеннем чакае свой дзень нараджэння, які ў яе прыпадае на Дзень маці – 14 кастрычніка. Таццяна Іванаўна вырашыла скарыстацца сваім правам пачаць новы этап у жыцці, прысвяціўшы больш часу сабе, сям’і і ўнукам. Таму пайсці на заслужаны адпачынак у Год беларускай жанчыны для фельчара – лепшы момант і лепшы падарунак.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *