
Дарогі малака і лёсу Аляксандра Аўтушкі
У кожнага чалавека свой шлях, і часам каханне вызначае не толькі асабісты лёс, але і прафесійную дарогу. Для вадзіцеля малакавоза Шумілінскага вытворчага цэха Верхнядзвінскага масласырзавода Аляксандра АЎТУШКІ, які родам з Чашніцкага раёна, знакавым стаў 1986 год, калі ён прыехаў на радзіму жонкі. З таго часу шумілінская зямля стала і яго радзімай.
Працоўны дзень Аляксандра Яўгенавіча пачынаецца тады, калі большасць жыхароў раёна яшчэ глядзяць сны. Роўна а чацвёртай гадзіне раніцы, пры любым надвор’і – у летнюю спякоту ці зімовую замець – яго магутны МАЗ з прычэпам пакідае гараж. Ён едзе за малаком не толькі ў сельгасарганізацыі раёна, але і ў Лёзненскі, і Віцебскі. Да самага аддаленага пункта – Кляўцы , што на Лёзненшчыне, больш за сто кіламетраў. Дарога дадому – адказны маршрут, бо груз у цыстэрне патрабуе асаблівых умоў і хуткасці дастаўкі. У асноўную цысцэрну змяшчаецца больш за 11 тон, а яшчэ ў дадаткова прычэпленую – амаль 8 тон.
За змену Аляксандр Аўтушка робіць два маршруты, агульны кіламетраж за дзень даходзіць да трох соцень кіламетраў. Пасля асноўных даставак малака у А. Я. Аўтушкі яшчэ адзін важны пункт у графіку – дастаўка сыроваткі на Верхнядзвінскі масласырзавод. Вадзіцельскага вопыту ў Аляксандра дастаткова: працаваў у ПМК-70, некалькі гадоў быў на заробках на Поўначы. Два гады таму вырашыў, што лепш працаваць дома, кожны дзень быць з сям’ёй.
Аляксандр Аўтушка – чалавек справы. Кіраўніцтва і калегі цэняць яго за працавітасць, уважлівасць і прафесіяналізм.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
