
ЖКГ, бюджэт і маёмасць
На 31-й чарговай сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў разгледжаны ключавыя пытанні і прыняты рашэнні. Дэпутаты засяродзіліся на тэмах, якія напрамую ўплываюць на жыццё раёна – жыллёва-камунальная гаспадарка і выкананне Дырэктывы № 7, кіраванне раённай нерухомасцю.
Намеснік старшыні райвыканкама Максім Русецкі прадставіў інфармацыю аб тым, як у раёне рэалізуюцца патрабаванні Дырэктывы Прэзідэнта па ўдасканаленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён адзначыў асноўныя напрамкі работы, праблемы і вынікі, якія ўжо ўдалося дасягнуць.

У прыватнасці, Максім Алегавіч падкрэсліў, што раён мэтанакіравана перабудоўвае ўсю сістэму камунальнай гаспадаркі. У якасці пацвярджэння прывёў канкрэтныя лічбы і рэальныя вынікі.
Жылфонд: капрамонті энергаэфектыўнасць
Дырэктыва патрабуе не менш за 3% капрамонту жылфонду штогод. Раён трымае планку: у 2025 годзе ўведзена 4,1 тыс. м2 пасля капрамонту, што вышэй за даведзенае заданне. Заданне на 2026-ты – 3,2 тыс. м2. Асвоена ўжо 2452,5 тыс. рублёў, з іх 1885 тыс. – бюджэтных сродкаў.
Сёлета на бягучы рамонт жылфонду прадугледжана 360,6 тыс. рублёў. Выкананы работы ў г. п. Обаль, г. п. Шуміліна і іншых населеных пунктах на суму 261,4 тыс. рублёў.
На рамонт дахаў прадугледжана 98 тыс. рублёў. На дадзены момант выкананы работы на плошчы 1562 кв. м, што складае 79,7 тыс. рублёў.
Вада: праблемы не замоўчваюцца
Раён зрабіў вялікі крок у абнаўленні водазабеспячэння: за апошнія два гады заменена 22 км сетак, устаноўлена водаачышчальнае абсталяванне ў 18 населеных пунктах, прабураны новыя артэзіянскія свідравіны. Але дакладчык не абышоў і праблемы: «Былі устаноўлены факты неэфектыўнай і нестабільнай работы станцый абезжалезвання ў Дабеі, Пабедзе, Добрыне. Жыхары Сіроціна перыядычна скардзяцца на якасць вады. Улады трымаюць пытанне на кантролі і вырашаюць праблемы.
Цепласеткі:рух да сучасных стандартаў
Замененыя ўчасткі сетак, дэцэнтралізацыя цеплазабеспячэння, укараненне ПІ-труб – усё гэта не проста тэхнічныя тэрміны, а рэальнае зніжэнне выдаткаў і павышэнне надзейнасці. У 2026 годзе заменена 0,412 км сетак – раён ідзе да выканання патрабаванняў Дырэктывы па 4% штогадовай замены.
Адходы і добраўпарадкаванне: сістэма становіцца сучаснай
Схема абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі перапрацавана, закупляюцца новыя кантэйнеры, абнаўляецца парк тэхнікі. За два гады – два новыя смеццявозы, яшчэ адзін у закупцы. Упарадкоўваюцца палігоны, абнаўляюцца пляцоўкі для другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Работы на добраўпарадкаванні ахопліваюць усе буйныя населеныя пункты. Але і тут ёсць выклік: колькасць заявак па дарогах на 115 вырасла ўдвая. Прычына – складанае надвор’е, але гэта і сігнал, што патрэбна яшчэ больш увагі да дарожнай сеткі.
Работа з насельніцтвам: сістэмны дыялог
За 8 месяцаў – 20 зваротаў, 92 даручэнні па іх разглядзе, рост заявак у АДС 115 – да 4262. Гэта паказчык таго, што людзі сталі больш актыўна ўзаемадзейнічаць з камунальнай службай. Важна, што звароты аналізуюцца, а падраздзяленням даюцца канкрэтныя даручэнні.
Раён не проста выконвае Дырэктыву № 7, падвёў выснову дакладчык, у нас паступова фарміруецца новая мадэль ЖКГ. Гэты шлях нялёгкі, патрабуе настойлівасці і паслядоўнасці, але раён упэўнена на ім стаіць.
* * *
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан далажыла аб захаванні заканадаўства пры кіраванні нерухомай маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці раёна. Дэпутаты абмеркавалі парадак распараджэння аб’ектамі і меры па павышэнні эфектыўнасці іх выкарыстання.
Па прапанове начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Юліі Сцяпанавай дэпутаты ўнеслі змяненні ў рашэнне «Аб раённым бюджэце на 2026 год». Карэкціроўкі накіраваны на ўдакладненне асобных артыкулаў выдаткаў і забеспячэнне стабільнага фінансавання ключавых накірункаў.
Сесію вёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. У рабоце прыняў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч.
Алена КАРПУШЭНКА.
