В путешествие по стране — всей семьёй

Мир увлечений Общество Семья

Разам знаёмяцца з Беларуссю і захапляюцца яе прыгажосцю

У гасцінай дома Аляксандра і Ірыны Сіпко з аграгарадка Светласельскі да сцяны прымацавана карта Беларусі. На ёй адзначаны населеныя пункты, дзе сям’я ўжо пабывала. Мяркуючы па адзнаках, спіс падарожжаў унушальны.

Аляксандр і Ірына Сіпко – аднакласнікі, жывуць разам 17 год. Сімпатыю адзін да аднаго праяўлялі яшчэ ў школе, сябравалі і пасля. Ірына чакала каханага з тэрміновай ваеннай службы, паўтара года пісала лісты. Ну, а пасля маладыя пабраліся шлюбам. Спачатку жылі з бацькамі, паралельна будавалі свой дом. Аляксандр па прафесіі токар-фрэзероўшчык (зараз працуе ў лясгасе вадзіцелем пагрузчыка), а па жыцці – мужчына з рукамі. Разам з бацькам, цесцем і дзедам узводзіў уласны дом. На будаўніцтва пайшло тры гады, затое цяпер гэта не проста дом, а двухпавярховы асабняк з прасторнымі пакоямі, санвузлом, газавым ацяпленнем, душам, прыбудаванай лазняй. Аляксандр сам зрабіў мэблю на кухню, лесвіцу на другі паверх дома, альтанку, уваходныя дзверы, веснічкі.

Калі Аляксандр і Ірына абставілі дом на свой густ і лад, побач пасадзілі фруктовы сад, пачалі збіраць грошы на легкавую машыну. Неўзабаве ў гаражы побач з трактарам, мотаблокам і прычэпамі стаяў “Фальксваген”, і ў сям’і з’явілася захапленне – падарожнічаць. На гэту справу падахвоціў гаспадар сям’і, якому яшчэ з дзяцінства падабалася тэлеперадача “Клуб падарожнікаў”.

Пачалі з блізкага – свайго раёна. Ірына, якая працуе вытворцай паўфабрыкатаў у каўбасным цэху ТАА “Вітконпрадукт”, расказала, што спачатку аб’ехалі ўсе населеныя пункты раёна, наведалі помнікі, знакамітыя мясціны. На наступны год адправіліся па гарадах Беларусі. Падарожнічаюць у асноўным у жніўні, калі бацькі ў водпуску, а ў дзяцей канікулы. За сем гадоў аб’ехалі амаль усе раённыя цэнтры Віцебшчыны (не былі толькі ў Докшыцах), пабывалі ў знакамітых мясцінах Мінска, Гродна, Брэста, Нясвіжа, Міра, аг. Гальшаны Гродзенскай вобласці і іншых населеных пунктах.

«Здзівіў сваёй чысцінёй пасёлак Копысь Аршанскага раёна, велічнасцю – Брэсцкая крэпасць, – кажуць Аляксандр і Ірына. – Мы любаваліся сталіцай Беларусі з агляднай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, пакланіліся памяці загінуўшых у Хатыні, купаліся ў купелі ў Мсціслаўлі, захапляліся прыгажосцю храмаў Беларусі, разнастайнасцю музеяў. У падарожжах з намі заўсёды нашы дзеці – 15-гадовы Ягор і дзевяцігадовая Соф’я. У сілу ўзросту ім цікавы не ўсе музеі. І гэта нармальна. Ёсць нагода абмеркаваць, чаму гэта важна цаніць, чаму людзі за сотні кіламетраў прыязджаюць на воінскія могілкі, дзе пахаваны іх продкі».

Падчас падарожжаў ёсць месца і выхаванню. І калі нехта будзе сцвярджаць, што паездкі – гэта мітусня, стрэс, доўгія зборы, то сям’я Сіпко адкажа, што гэта перш за ўсё асалода і пашырэнне кругагляду. Падарожжы прывучаюць дзяцей да самастойнасці, паказваюць, наколькі важныя ўзаемаразуменне і падтрымка родных людзей. Да таго ж, Соф’я, якая любіць маляваць, перадае прыгажосць роднага краю на паперы, а ў Ягора, які наведвае гурток цэнтра дзяцей і моладзі па выпальванні, таксама ёсць палёт для фантазіі. Дарослыя і дзеці падчас паездак вывучаюць гісторыю і геаграфію, падарожжы прымушаюць па-новаму зірнуць на звыклае і зразумець, што сям’я – гэта каманда, дзе ўсе адзін за другога гарой.

За лета сям’я Сіпко праязджае падчас падарожжаў па 30-35 тысяч кіламетраў. І ўжо сёлета адклалі грошы на паліва і падзяліліся сакрэтам, што “рвануць” у гарады Расійскай Федэрацыі – Пскоў, Цвер, Ніжні Ноўгарад і невялікія населеныя пункты, якія прылягаюць да іх. У далейшых планах – наведаць Бабруйск, Тураў і Пінск.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *