Заядлые туристы советуют побывать именно ТУТ

Главное Новости Общество Спорт, туризм


Месцы, якія хочацца наведаць
На экскурсіях, якія арганізоўваюць работнікі Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна, пабывалі як жыхары нашага раёна, так і іншых рэгіёнаў. Мы папрасілі іх падзяліцца сваімі самымі незабыўнымі ўражаннямі.


Людміла БАЛЬШАКОВА, Віцебск:
– Я пабывала на прэзентацыі маршрутаў для турфірмаў і экскурсаводаў. Мы аб’ехалі практычна ўвесь раён і дазналіся пра яго шмат цікавага. Наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля, пабывалі ў храме Святога прападобнага Ануфрыя Вялікага. Незабыўныя ўражанні засталіся ад наведвання Обальскага керамічнага завода, дзе працуюць робаты-станкі. Там мы пазнаёміліся з мясцовымі майстрамі, набылі арыгінальныя сувеніры. Не магу не згадаць пра
Дом рамёстваў у Шуміліне, дзе працуюць сапраўдныя майстры-прафесіяналы, прадукцыю якіх мы таксама павезлі з сабой. На Шуміліншчыну абавязкова вернемся – ёсць дамоўленасць наведаць Казьянскі заказнік.

Алена ВАСІЛЕЎСКАЯ, Шуміліна:
– Своеасаблівым брэндам раёна лічу самы вялікі ў Беларусі валун «Вялікі камень», размешчаны ў вёсцы Горкі, у 15 кіламетрах ад Шуміліна. Многія вяртаюцца на гэта ўнікальнае месца неаднойчы. За апошні час тут уладкавана камфорная турыстычная зона – пасаджаны дрэвы і кусты, усталявана альтанка і лаўкі. Даспадобы мне таксама і тэатральныя пастаноўкі.

Ала КАЗАКОВА, Гарадок:
– Нядаўна адкрыла для сябе Шуміліншчыну. Проста ўражана прыгажосцю храмаў: Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Шуміліне, Святога прападобнага Сяргея Раданежскага ў Лескавічах, Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пабедзе і святой крыніцы, якая знаходзіцца непадалёк. А самым прыгожым падаўся храм Святога прападобнага Ануфрыя Вялікага ў Обалі. Запаў у душу і чыгуначны вакзал з цікавай гісторыяй у райцэнтры.

Аксана СТАЛЯРОВА, аг. Мішневічы:
– У гэтым годзе мы разам з дзецьмі Мішневіцкай школы пабывалі на экскурсіі па Казьянскіх балотах. Пабачылі рэдкія расліны, дазналіся пра звяроў, якія тут жывуць. Падняліся на аглядавую вышку на краі балота паблізу вёскі Вішня, якая ўстаноўлена па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «ЭкаБум».
Дырэктар заказніка Павел Мартыненка арганізуе экскурсіі па вядомых і пратаптаных сцежках – так што не варта баяцца. Уражанні атрымаць можна проста неверагодныя.

Віялета МУЖАЛЁВА, Лёзна:
– Вельмі спадабаўся музей Обальскага камсамольскага падполля. Мы былі ўражаны гераізмам обальскіх юных падпольшчыкаў. Пабывалі на сядзібе Грабніцкіх. Запомніўся цёплы прыём у Турыстычным інфармацыйным цэнтры, дзе для нас была арганізавана дэгустацыя безалкагольных напіткаў ТАА «Вежа».

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *