
У Мікіціхінскай СШ – новая футбольная пляцоўка
У Мікіціхінскай СШ адбылося ўрачыстае адкрыццё новай футбольнай пляцоўкі. Гэта чарговы крок у развіцці спартыўнай інфраструктуры раёна і стварэнні камфортных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам сярод школьнікаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, тэхнічны дырэктар Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Дзмітрый Касенак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая, старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава і галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко.
– Футбол – гэта не проста гульня. Ён вучыць дзяцей быць камандай, не здавацца і ісці да мэты. Новая пляцоўка – гэта ўклад у здароўе і будучыню нашай моладзі, – сказаў Руслан Матвейчук на ўрачыстай цырымоніі.
Выдатна, што з’яўляюцца такія сучасныя пляцоўкі. Чым больш дзеці гуляюць у футбол, тым мацней наша футбольная будучыня, адзначыў Дзмітрый Касенак і выказаў упэўненасць ў тым, што пляцоўка не будзе пуставаць, і на ёй з’явяцца новыя футбольныя зоркі.
Дырэктар Мікіціхінскай СШ Таццяна Волкава падзякавала раённым уладам і Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», дзякуючы якім з’явілася пляцоўка. Яна стане месцам правядзення ўрокаў фізічнай культуры, спартыўных секцый і раённых спаборніцтваў, дасць вучням больш магчымасцей для актыўных заняткаў футболам і змястоўнага правядзення вольнага часу.
Адкрыццё аб’екта – сведчанне таго, што развіццю дзіцяча-юнацкага спорту і папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў раёне надаецца пастаянная ўвага.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
