
Ферма раздою ў Латкове: камфорт, спакой і правільнае харчаванне
Адным з самых адказных і тэхналагічна складаных перыядаў у кароў з’яўляецца першая лактацыя. Менавіта таму ў многіх гаспадарках ствараюцца спецыялізаваныя фермы раздою. У нас у раёне пакуль такая адна – у Латкове СУП «Лаўжанскае».
Першых цёлак на ферму паставілі ў сярэдзіне лета. Цяпер іх тут 190 галоў. «Ферма раздою – своеасаблівая школа для маладых кароў, галоўная мэта якой – максімальна раскрыць генетычны патэнцыял прадукцыйнасці жывёлы, – расказвае па дарозе на ферму намеснік дырэктара па вытворчасці СУП «Лаўжанскае» Валянціна Лабейка. – На асобнай ферме зручней арганізаваць індывідуальны кантроль, бо маладыя каровы яшчэ не прывыклі да працэсу дойкі, лягчэй своечасова заўважыць і папярэдзіць пасляродавыя ўскладненні. Граматны раздой павялічвае прадукцыйнасць каровы на 20-30%. Догляд за «моладдзю» патрабуе выканання трох галоўных правіл: камфорт, спакой і правільнае харчаванне».
Заходзім на ферму, на праходах чыста, жывёла сытая. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла адказны ўчастак вопытным даяркам Ганне Бякач, Інзе Мароз, Надзеі Крэменскай і Алёне Смажанковай.
– Раздаіць першацёлак – справа фізічна нялёгкая, патрабуе цярплівасці, пяшчоты і вялікай працы, – расказала загадчыца фермы Наталля Кузьміна. –Але нашы дзяўчаты выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
На сённяшні дзень сярэдні надой на адну карову ў Латкове складае 15 кілаграмаў малака. Над кожнай каровай устаноўлены індывідуальны кантроль, на ферме ўжо вызначыліся лідары, якія даюць да 25-27 літраў.
Кожны дзень жывёла атрымлівае канцэнтраты: па 2 кілаграмы на галаву і па 300 грамаў на літр малака. Акрамя гэтага, кормяць статак зялёнай травой, сенам другога ўкосу. З Полацкага КХП прывозяць спецыяльны камбікорм для навацельных кароў.
Каб захаваць каштоўнае для цялят малодзіва, на ферму нядаўна закупілі маразільнік. Цялят утрымліваюць у прафілакторыі да 14 дзён, а затым адпраўляюць на іншыя фермы.
Стварэнне ферм раздою – эфектыўны інструмент інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі, адзначае дырэктар СУП «Лаўжанскае» Мікалай Балігатаў. Але ніякія самыя сучасныя тэхналогіі не спрацуюць без удзелу руплівых, цярплівых і чулых людзей. Дзякуючы прафесіяналізму калектыву і правільнаму раздою, гаспадарка забяспечвае падмурак для далейшага росту вытворчасці малака.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
