Калекцыі сямейных падарожжаў
Тыдзень бацькоўскай любові ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі распачаўся з прэзентацыі выставы “Фотаальбом сямейных падарожжаў” і мерапрыемства “Сусвет бацькоўскай любові”.
На мерапрыемства былі запрошаны ўдзельнікі выставы, якія экспанавалі фотаальбомы, сувеніры, буклеты, іншыя памятныя рэчы, прывезеныя з падарожжаў у розныя куткі свету і роднай Беларусі, а таксама актывісты музейных мерапрыемстваў, члены раённай ветэранскай арганізацыі.
Дырэктар музея Святлана Іванова расказала пра тое, як з’явілася ідэя выставы, збіраліся экспанаты, як у грамадстве расце цікавасць да падарожжаў не толькі ў далёкія краіны, але і па роднай краіне і раёне. Прадстаўнік Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна Ксенія Гаева нагадала пра турыстычны патэнцыял рэгіёна.
За сумесным чаяваннем удзельнікі сустрэчы расказалі пра сямейныя падарожжы і найбольш значныя сувеніры, прывезеныя з такіх паездак.
Так, Святлана Архіпава расказала, як яе дзеці сталі пераможцамі віктарыны, якую праводзіла газета “Саюзнае веча”, і разам з прадстаўнікамі расійскай сям’і пабывалі ў Маскве і Брэсце. Вячаслаў Зубараў падзяліўся ўражаннямі аб вялікім падарожжы па рацэ Волга і старажытных расійскіх гарадах Яраслаўль і Рыбінск. З паездкі ён прывёз кнігу пра жыццё і дзейнасць вядомага расійскага адмірала Фёдара Ушакова, які абвешчаны святым Рускай праваслаўнай царквы. Кніга пасля выставы будзе перададзена ў Храм Мікалая Цудатворцы. Ірына Бондарава самым яркім падарожжам назвала паездку ў Грузію: “Мы звычайна адпачываем на моры. А гэта была паездка ў сэрца краіны: горы, старажытныя манастыры, адпачынак у вясковых сядзібах з нацыянальнымі стравамі і самаробным віном. Атрымаўся зусім іншы погляд на краіну”.
Размова перайшла да адпачынку ў больш блізкіх і родных мясцінах. Усе гаварылі пра тое, што любяць падарожнічаць па Беларусі, па Шуміліншчыне. Разам прыйшлі да думкі, што падарожжы ўмацоўваюць сямейныя адносіны, дапамагаюць выхаванню ў дзяцей пачуцця патрыятызму.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

