Остановка – Никитиха

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Прыпынак – Мікіціха

Вёска новага фармату

Вёска. Уяўленне гараджаніна лёгка малюе карціну з калодзежам, невялікай хаткай, “падперазанай” драўляным парканам. Вакол – цішыня, а калі каго і сустрэнеш, то абавязкова бабулю. Ну, ці дзядулю. Дык вось, Мікіціха ніяк не адпавядае гэтым “класічным” стандартам. Не, калі пашукаць, ёсць тут і калодзежы, і парканы, і вядома, бабулі. Але той факт, што многія падарожныя, пад’язджаючы да аграгарадка, упэўнены, што калі гэта і не горад то ўжо дакладна мястэчка, гаворыць сам за сябе.

Мікіціха – аграгарадок, вёска новага фармату. І асаблівая яна ўжо толькі тым, што з’яўляецца самай шматнаселенай на Шуміліншчыне. Для інфармацыі: у нашым раёне існуе – 251 вёска, у 14-ці з іх ніхто не жыве, у 130-ці жыве менш як па 10 чалавек, а ў Мікіцісе на 1 студзеня гэтага года быў зарэгістраваны 1061 (!) чалавек. І здаецца, што на гэтым ніхто не збіраецца спыняцца: у вёсцы налічыцца з дзясятак цяжарных жанчын і шэсць дзетак да года. А ў школу сёлета пойдуць аж 17 першаклашак (больш не назбіраецца ні ў адной вясковай школе).

Людзі тут жывуць розныя, як і ўсюды. Шмат добрых сем’яў, працалюбівых, нечым захопленых вяскоўцаў, руплівых работнікаў. Тут мноства дагледжаных падворкаў, патанаючых у летніх кветках сядзіб. Старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко не без гонару правезла карэспандэнтаў па аграгарадку, расказала пра яго жыццё, планы на будучае і праблемы.

Да новага года

Толькі педагогі пад новым годам разумеюць не 1 студзеня, а 1 верасня. І ў мікіціхінскіх школе і садку зараз якраз і займаюцца такой тэматычнай падрыхтоўкай.

Школа рыхтуецца сустрэць вучняў 1 верасня ўтульнымі класамі, пафарбаванымі калідорамі і холамі. “За лета ў школе зробім касметычны рамонт, – адзначае дырэктар школы В. М. Асташонак. – На рамонт неабходна каля ста бляшанак фарбы. Палову цэнтралізавана атрымалі з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Астатняе набылі за кошт пазабюджэтных сродкаў школы, а таксама дапамог бацькоўскі камітэт”. Усе работы ў школе праводзяцца ўласнымі сіламі.

У першую чаргу адрамантаваны – ганак. Ва ўсіх класах пафарбавана падлога, а у некаторых паклеены новыя шпалеры. Асаблівую ўтульнасць надалі адрамантаваным класам новыя шторы, якія пашылі вучні па праграме другаснай занятасці.  На сённяшні дзень поўнасцю гатовы сустрэць вучняў кабінет групы падоўжанага дня, бібліятэка і некаторыя памяшканні пачатковых класаў. А вось што тычыцца кабінета інфарматыкі, які будзе поўнасцю адпавядаць самым сучасным патрабаванням,  тут яшчэ шмат работы. Чакаюць сваёй чаргі рамонт спартыўнай залы і спартыўнага гарадка.

“Мікіціхінская школа сустрэне членаў камісіі падчас прыёмкі школ поўнасцю гатовай да новага навучальнага года”, – запэўніла В. М. Асташонак.

Выхавальнікі і работнікі Мікіціхінскага дзіцячага садка расказалі, што на тыдзень адправілі дадому сваіх выхаванцаў для таго, каб сад абнавіўся і сустрэў іх новымі яркімі фарбамі. Загадчыца садка Г. І. Васільчанка з удзячнасцю расказала пра дапамогу па рамонце ААТ “Лаўжанскае” і А. В. Мацуганава (каля 15 мільёнаў). Падтрымка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, бацькоўскага камітэта, пазабюджэтная дзейнасць дазваляюць падтрымліваць годны стан дзіцячага сада. Была заменена падлога ў адной з груп, устаноўлена новая сантэхніка і многае іншае. Плануюць у садку набыць воданагравальнік.

Лечацца тут

Медыцынскае абслугоўванне амаль дзвюх тысяч вяскоўцаў забяспечваюць сёння восем чалавек – работнікі Мікіціхінскай урачэбнай амбулаторыі. М. П. Серабро, галоўны ўрач, расказаў, што і зрабіць неабходныя аналізы, і атрымаць бальнічны ліст ці даведку, і купіць лекі можна на месцы. А раз у квартал сюды прыязджаюць вузкія спецыялісты, і кожны жадаючы можа прайсці абследаванне.

Косяць траву, а не ад працы

Сельвыканкам рэгулярна супрацоўнічае з цэнтрам занятасці, адкуль прыязджаюць беспрацоўныя для таго, каб працаваць на добраўпарадкаванні. “Па вясне  смецце прыбіралі, а зараз вось з травой і быльнягом змагаюцца”, – гаворыць старшыня сельвыканкама С. П. Кійко. Дарэчы, усе ўскрайкі дарог абкошаны, таму вёска мае камплементарны выгляд.

Ёсць кляновы парк

А ля новых дамоў на Шасейнай вуліцы пасадзілі кляновы парк.

Парк будзе расці разам з дзеткамі, якіх тут багата.

Будзе і царква

Калі над вёскай ззяюць царкоўныя купалы, то можна спадзявацца на тое, што і людзі часцей будуць задумвацца пра душу, пра вечнасць. Нехта не вып’е лішняй чаркі, хтосьці кіне сварыцца ці наладзіць гармонію ў сям’і.

Творчы запал

У Мікіцісе жыве шмат захопленых творчасцю людзей. Да прыкладу, Тамара Скуратовіч з год таму захапілася вязаннем кручком. Вяжа цацкі, якія прыносяць задавальненне не толькі ёй, але і ўнукам, і ўсім тым, хто атрымлівае іх ад жанчыны ў падарунак.

Хацелася б

Каб зразумець, што Мікіціха – камфортнае месца для жыцця, не трэба вялікіх аналітычных разважанняў. Пра гэта сведчыць і тое, што пустуючага жылля ў вёсцы няма. Дарэчы, нядаўна сюды пераехалі тры сям’і з Украіны.

Але ж на сёння ў вёсцы не арганізавана бытавое абслугоўванне, мясцовыя і падарожныя не зусім задаволены работай аддзялення Беларусбанка, якое працуе праз дзень, а таксама бачаць нязручнасць у графіку работы лазні.

Усё пачынаецца з любві

Дзень у сям’і Новікавых пачынаецца з узыходам сонца. Не паляжыш, калі ў цябе трое дзяцей ды яшчэ і ўласная гаспадарка. Толькі  Алену і Мікалая гэта не пужае. Да вясковага ладу жыцця яны даўно ўжо прывыклі. Яна – цялятніца, ён – інжынер-механік. Мікалай мясцовы, а Алена з Пабеды. Выраслі ў вёсцы, тут вырашылі і застацца. Тым больш усё для зручнага жыцця ёсць.

Ва ўсім дапамагае па хатняй гаспадарцы сын Арцём, які ўжо перайшоў у трэці клас. Старанны, працавіты хлопчык ужо ў свае гады стаў надзейнай апорай бацькам і галоўным памочнікам у выхаванні малодшых сястрычак. Стараецца не адставаць ад брата і Ганна, якая ходзіць у старэйшую групу садка. Дапамагла б і Насценька, толькі ёй пакуль усяго 2 месяцы. Выхоўваюцца дзеці ў атмасферы сямейнай дабрыні, бацькоўскай пяшчоты, узаемаразумення. Не супраць бацькі і чацвёртага нарадзіць, калі здароўе дазволіць.

Сям’я Новікавых адна з нямногіх у Мікіцісе,  якая яшчэ трымае карову. У вясковым статку іх засталося толькі 22. Таму даволі часта прыходзіцца бацьку з сынам адбываць чаргу ў полі. Акрамя каровы маладая сям’я  трымае  свіней, курэй, качак. Усяго ў краме не накупляешся, кажа Мікалай, асабліва, калі зарплаты затрымліваюць.

Алена прызнаецца, што бывае складана, але нічога не зробіш. Добра, што ў цябе ёсць надзейная апора. Для Алены гэта найперш муж Мікалай, які дапамагае жанчыне ва ўсіх хатніх клопатах. Каханне – тое, на чым трымаецца свет. Добра зазначыла на гэты конт вядомая паэтка Я. Янішчыц: “Пачынаецца ўсё з любві, А інакш і жыць немагчыма…”

На развітанне

Мы абавязкова зробім у Мікіцісе яшчэ не адзін прыпынак: хіба можна за раз усё ўбачыць і пра ўсё расказаць. А яшчэ, мы сыдзем і ў вашай вёсцы. Да хуткай сустрэчы…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *