Молодые специалисты Шумилинской ЦРБ — о медицине и о личном

Актуалии Здоровье Молодёжь

“Хворым – здароўя, здаровым – не хварэць!”


Яны – маладыя і адукаваныя, вясёлыя і амбіцыйныя – маладыя спецыялісты Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Знаёмцеся: тэрапеўт Віталь Дупанаў, тэрапеўт Алеся Панькова, хірург Юлія Кавалёва, рэаніматолаг-анестэзіёлаг Дзіяна Кірылкіна, стаматолаг Марыя Муцюк, тэрапеўт Людміла Васілевіч, оталарынголаг Ірына Кавалёва (на здымку злева направа).

Іх працоўны стаж – ад года да двух. Маладыя медыкі прыйшлі ў прафесію, каб выратаваць увесь свет ад хвароб і каб дапамагчы канкрэтнаму чалавеку перамагчы боль.
Пра планы, сваё месца ў прафесіі і пажаданні напярэдадні прафесійнага свята – у нашым бліц-інтэрв’ю.
Віталь Дупанаў:
Шуміліна – нядрэнны варыянт для працоўнага старту, і калектыў тут нармальны. Але пасля адпрацоўкі разам з сям’ёй (жонка Віталя таксама медык, зараз у дэкрэтным водпуску – аўт.) паеду ў Жлобін, я адтуль родам, там бацькі жывуць. А напярэдадні свята медыкаў пажадаю хворым – зда-роўя, здаровым – не хварэць!
Алеся Панькова:
Планую атрымаць вузкую спецыялізацыю, хачу стаць эндакрынолагам. А пакуль што працую ўчастковым тэрапеўтам на ўчастку №2, што ў цэнтры Шуміліна, стараюся на практыцы прымяняць набытыя веды. Хаця многія хворыя, начытаўшыся інтэрнэт-парад, самі ведаюць, як сябе лячыць, і нас вучаць. Таму я жадаю сваім калегам цярпення і здароўя!
Юлія Кавалёва:
Вельмі люблю медыцыну, і гэтая любоў, а таксама давер пацыентаў, дапамагаюць пасля дзяжурства аднаўляць сілы. Як і кожнаму хірургу, мне хацелася б больш практыкаваць у аперацыйнай, але пакуль што больш працую на прыёме хворых у паліклініцы. У будучым мару асвоіць вузкую спецыяльнасць ангіахірурга (сасудзістага хірурга – аўт.)
Дзіяна Кірылкіна:
Не, я ніколі не страчвала прытомнасць, стараюся валодаць сабой у самых складаных сітуацыях, а такіх сітуацый, самі разумееце, у рэанімацыі хапае. Адчуваю вялікае задавальненне, калі ўдаецца цяжка хворага паставіць на ногі. Жадаю здароўя ўсім людзям, а медыкам – меней пацыентаў і болей зарплаты!
Марыя Муцюк:
Сама я з Віцебска, у недалёкім будучым планую туды вярнуцца. Мне вельмі хочацца, каб людзі больш давяралі медыкам, выконвалі прадпісанні, а не так, што выпіў адну таблетку, палягчэла – і кінуў. Яшчэ часта людзі крыўдзяцца на боль пры лячэнні ў стаматолага. Але ж гэты боль на карысць хвораму. Ды і калі б людзі больш клапаціліся пра сваё здароўе, болю было б менш.
Людміла Васілевіч:
А я планую застацца ў Шуміліне на ўсё жыццё. Мару стаць добрым высокакваліфікаваным урачом, да якога людзі хацелі б ісці, рэкамендацыі якога не ставілі б пад сумненне, якому б цалкам давяралі. Сама я з Прыазёрнага, таму шукаць шчасця ў іншых краях не збіраюся.
Ірына Кавалёва:
Вельмі важна атрымліваць задавальненне ад сваёй работы. Думаю, усё атрымаецца ў рабоце, калі ты не памыліўся ў выбары прафесіі, калі не расчараваўся. Вядома, прыходзіцца сутыкацца з выпрабаваннямі, усведамляць, што на практыцы не ўсё так, як уяўлялася ва ўніверсітэце. Але гэта загартоўвае, прымушае расці над сабой.


З маладымі медыкамі гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №46 ад 16.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *