Самае актуальнае пытанне ў зімовы перыяд – гэта ацяпленне жылля

Главное Экономика

А ў вас дроў дастаткова?

Бадай, самае актуальнае пытанне ў зімовы перыяд – гэта ацяпленне жылля. Калі гаспадар запаслівы, у яго ў драўніку ляжыць багата паліва, і зараз ён клапоціцца пра запас на наступны сезон.
Па льготным кошце
Шумілінскі філіял Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Віцебскаблпаліў» з’яўляецца асноўным пастаўшчыком дроў для насельніцтва. Тут работа ідзе па даўно наладжанай схеме. Вядзецца запіс жадаючых атрымаць дровы ці брыкет строга па паліўнай кніжцы. Людзям папярэдне тэлефануюць і паведамляюць, у які дзень прывязуць паліва.

«Маем вялікі запас – больш за трыста кубаметраў дроў, – пахваліўся дырэктар філіяла Уладзімір Кійко. – Шумілінскі лясгас пастаўкі ажыццяўляе бесперабойна. Нават перавыконваюць даведзенае заданне. Летась, напрыклад, пры плане 3,5 тысячы метраў кубічных прывезлі 4098 кубоў. У мінулым годзе мы прадалі насельніцтву 4771 кубаметр дроў, што на 694 больш, чым у 2020 годзе».
На адно домаўладанне па льготнай цане адпускаецца 4,9 кубаметра дроў у год. Гэта трактарны прычэп, які на тэрыторыі філіяла каштуе каля 128 рублёў. Ёсць спажыўцы, якія заказваюць колатыя дровы – прычэп на тэрыторыі філіяла каштуе 190 рублёў. За кожны кіламетр дастаўкі бярэцца яшчэ па 5 рублёў 68 капеек. Самая аддаленая вёска, куды нядаўна вазілі дровы, – Духравічы Каўлякоўскага сельсавета, да якой амаль трыццаць кіламетраў. Толькі дастаўка каштавала 170 рублёў плюс за дровы 128 руб. Дарагавата… Таму некаторыя пакупнікі вывозяць дровы і брыкет на асабістым транспарце.
Рэалізуе паліўзбыт і брыкет, які пастаўляецца з Браслаўскага і Лідскага торфазаводаў. Па фіксаваных цэнах на год на адно домаўладанне адпускаецца 3,5 тоны (цана за тону – 25 рублёў 6 капеек). Летась прадалі насельніцтву 1419 тон торфабрыкету, што на 10% больш папярэдняга года.
Паліва заказваюць і многія арганізацыі. Нядаўна, напрыклад, прадпрыемства выйграла тэндар па забеспячэнні палівам цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый (а гэта ўстановы культуры, адукацыі і іншыя).
Зараз у чарзе на дровы 70 чалавек, на брыкет – 35. Гэта нямнога, запэўніваюць на прадпрыемстве, бо заяўкі выконваюцца на працягу трыццаці дзён і нават раней. За дзень механізатары развозяць па раёне па 7-8 прычэпаў паліва.
Разам з тым паліўзбыт часам сутыкаецца і з непаразуменнем. Напрыклад, падышла чарга прывозіць дровы, а гаспадар адмаўляецца, бо «пенсія праз дзесяць дзён». Бывала і такое, што тэлефанавалі за некалькі гадзін да Новага года і патрабавалі прывезці дровы ў першых чыслах студзеня.

«Мы не працуем сёння на заўтра. Усе заяўкі выконваем на працягу месяца. Іншая справа, што гаспадарам загадзя трэба дбаць пра паліва», – кажа Уладзімір Кійко.

Па свабодных цэнах
Дровы звыш нарматыўнай колькасці Шумілінскі філіял «Віцебскаблпаліва» прапануе ўжо па свабодных цэнах: 307 рублёў за прычэп на тэрыторыі філіяла, сюды трэба прыплюсаваць дастаўку.
Дровы насельніцтву таксама прадаюць Шумілінскі і Бешанковіцкі лясгасы, прыватныя арганізацыі і прадпрымальнікі.
Па словах начальніка планава-эканамічнага сектара Шумілінскага лясгаса Людмілы Сільвестравай, заказаць дровы можна ў любым лясніцтве раёна. Цана за метр кубічны з дастаўкай у залежнасці ад пароды дрэў – 28-31 рубель.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №10 ад 08.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *