Тут бярэ пачатак вялікі футбол
Першы (раённы) этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які прайшоў у Шуміліне 10 мая, сабраў 10 каманд з устаноў адукацыі раёна. Юныя спартсмены змагаліся за выхад у другі (занальны) этап спаборніцтваў.
На футбольным полі ішла ўпартая барацьба ў трох узроставых групах. Самым юным футбалістам было па 9 год, самым вопытным, калі можна так сказаць, – па 14. Барацьба, асабліва сярод юных, была нежартоўная: дзеці, якія яшчэ не зусім валодаюць футбольнымі навыкамі, стараліся, як маглі. Іх азарт і жаданне гуляць рабілі футбольныя паядынкі відовішчнымі і цікавымі.
У трох узроставых групах перамаглі каманды з Шумілінскай СШ № 2. Яны і стануць асновай для стварэння зборных раёна для ўдзелу ў наступным этапе.
Удзельнічалі ў раённым этапе і дзявочыя каманды. Перамогу святкавалі футбалісткі Обальскай СШ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

