
Зямля працай багата, а праца – людзьмі
У кожнага ўраджаю, надоях і прывагах ёсць свае героі. Яны ведаюць цану раннім пад’ёмам, працы ў полі і радасці ад выніку. Лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Шуміліншчыны запрасілі 13 лістапада ў раённы цэнтр культуры, каб падзякаваць за добрую работу.
Ад засевак да караваю

Свята пачалося ў фае РЦК. Тут разгарнулася яркая тэматычная экспазіцыя Дома рамёстваў, дзе паказалі ўвесь круг сельскагаспадарчых работ – ад засевак да караваю. Можна было пабачыць прарошчанае жыта, старажытныя цэп для абмалоту і саламянік для захоўвання зерня, замешанае жытняе цеста і вынік працы на палетках – прыгожы духмяны каравай хлеба. А партрэты герояў працы красаваліся на выставе рэдакцыі раённай газеты «Годныя павагі».

Мясцовыя перапрацоўчыя прадпрыемствы – Шумілінскі вытворчы цэх Верхнядзвінскага масласырзавода, ТАА «ВЕЖА» і «Вітконпрадукт» – прапаноўвалі выставу-дэгустацыю сваёй прадукцыі.

Удзельнікі ўрачыстасці каштавалі духмяныя сыры, апетытныя каўбасы, салодкія напіткі, многія адкрывалі для сябе новыя смакі і пераконваліся, колькі любові, працы і майстэрства ў прадукцыі, вырабленай шумілінцамі на роднай зямлі.

Галоўныя ўрачыстасці прайшлі на сцэне цэнтра культуры. Святочную праграму адкрыў народны духавы аркестр Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Жыццё беларускага народа заўсёды вызначалася сельскай працай, дзе збожжа станавілася залогам будучыні, а кожны ўраджай – сведчаннем нязломнай волі і вернасці бацькоўскім запаветам, нагадалі вядучыя Таццяна Багданава і Ірына Барадуліна. За моцны фундамент, закладзены на сельскагаспадарчай ніве, асаблівая ўдзячнасць прагучала ў адрас ветэранаў працы.

З удзячнасцю – да сельскіх працаўнікоў

Духмяны каравай, у якім цеплыня рук, святло ранішняй зары і сімвал непарушнай сувязі чалавека з роднай зямлёй, уручылі старшыні райвыканкама Мікалаю Будневічу. Ён павіншаваў працаўнікоў вёскі і перапрацоўчай прамысловасці са святам. «Работа на зямлі патрабуе вялікай вытрымкі, цярпення, прафесіяналізму і самааддачы. Яна не ведае выхадных і святочных дзён, – адзначыў кіраўнік раёна. – Менавіта дзякуючы вашай працы на нашых сталах ёсць хлеб, у гаспадарках – вынікі, а ў раёна – упэўненасць у заўтрашнім дні».

Мікалай Аляксеевіч агучыў вынікі сельскагаспадарчага года: намалочана больш за 16 тысяч тон зерня, больш за 2,5 тысячы тон рапсу, 13 тысяч тон зерня кукурузы; выраблена больш за 14 тысяч тон мясной прадукцыі; валавая вытворчасць малака за 9 месяцаў склала больш за 8,5 тысячы тон; нарыхтавана больш за 27 тысяч тон кармавых адзінак; раён пабагацеў на 12 адзінак тэхнікі.

У вашай працы – годнасць, у вашым сэрцы – любоў да роднага краю

Кіраўнік раёна адзначыў заслугі тых, хто сваёй сумленнай працай і адказным стаўленнем да справы папаўняе скарбонку дасягненняў раёна і ўручыў пераможцам раённых спаборніцтваў Ганаровыя граматы райвыканкама. Так, пераможцам раённага спаборніцтва сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў стаў дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў. Гаспадарка атрымала ўзнагароды за два першыя месцы: па вытворчасці крыжакветных культур і вытворчасці кармоў. СФГ «Раднік» (кіраўнік Юрый Сямёнаў) узнагароджана за прызавыя месцы па вытворчасці шматгадовых траў, вытворчасці і продажы малака; КСУП «Лаўжанскае» (дырэктар Мікалай Балігатаў) – па вытворчасці мяса.

Ганаровыя граматы райвыканкама Мікалай Будневіч уручыў руплівым працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў за прызавыя месцы ў розных намінацыях раённых спаборніцтваў. Першае месца па намалоце зерневых і зернебабовых у экіпажа ААТ «АграБаравінка» – Сяргея Гоманава і Сяргея Радзівонава, сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня – у Андрэя Чэкліна і Дзмітрыя Касьянава з КСУП «Лаўжанскае». На ўборцы насення шматгадовых траў прызавое месца атрымаў Мікалай Карнілаў з КУСГП «Ульскі», сярод аператараў зернесушыльных комплексаў – Леанід Голубеў з ААТ «Прыазёрны мір». На касавіцы вызначыўся Андрэй Каваленка з ААТ «Ляжні», на падборы і здрабненні зялёнай масы – Генадзь Кадукоў з КУСГП «Ульскі», на прасаванні сена і саломы – Вячаслаў Дубінін з ААТ «АграБаравінка», на сяўбе збожжавых і іншых культур – Мікалай Лазука з ААТ «Ляжні».

Віталі на свяце і работнікаў жывёлагадоўчай галіны. Так, Наталля Чаранок з СФГ «Раднік» лідзіруе ў раёне па надоях малака, Раіса Сёмка з ААТ «Прыазёрны мір» – па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, Наталля Вараб’ёва з ТАА «Вітконпрадукт» – па вырошчванні птушкі.

Сярод калектываў МТФ лепшым стаў комплекс Амбросавічы ААТ «Прыазёрны мір» (загадчыца Кацярына Касцюкова). Ганаровыя граматы райвыканкама Мікалай Будневіч уручыў вадзіцелю аўтамабіля Андрэю Шляхцянкову з вытворчага цэха Верхнядзвінскага масласырзавода, ветэрану працы былому старшыні калгаса імя Энгельса Леаніду Пагарэльскаму. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі галоўны бухгалтар ТАА «ВЕЖА» Святлана Усеваладава, сырароб вытворчага цэха Верхнядзвінскага масласырзавода Валянціна Саўчанка і інжынер-механік цэха Вячаслаў Лазука.

Са святам лепшых працаўнікоў віншавалі намеснік начальніка райсельгасхарчу Раман Прасветаў, в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

Творчыя калектывы РЦК, Шумілінскай і Обальскай дзіцячых школ мастацтваў, выхаванцы дзіцячага сада №1 г. п. Шуміліна парадавалі яркімі канцэртнымі нумарамі, якія падарылі сапраўднае свята і добры настрой. Артыстаў падтрымлівалі гучнымі апладысментамі.


