Памяці сябра. «Дзякуй, што сабраў нас разам!»
16 лістапада ў Шумілінскай раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ваенных маракоў» знамянальная дата: 75-гадовы юбілей мог бы адзначыць першы камандзір, занесены ў нашы спісы навечна, капітан другога рангу Анатоль Леанідавіч Бычкоў. Чалавек вельмі цікавага лёсу, які пражыў выдатнае і яркае жыццё, які гарэў сам і ўмеў запаліць іншых.
У самым пачатку свайго жыццёвага шляху просты хлопец з глыбінкі абраў абсалютна мірную прафесію інжынера. Але, магчыма, юнацкая мара пра мора ўзяла верх, а можа быць гэта было нармальнае мужчынскае жаданне выпрабаваць сябе па-сапраўднаму. Анатоль забраў дакументы з грамадзянскай навучальнай установы і паступіў у вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Так пачаўся флоцкі шлях Анатоля Бычкова.
Служба праходзіла на розных караблях пераважна Паўночнага флоту СССР. Шмат чаму навучылі Анатоля Леанідавіча марскія прасторы, усялякае здаралася. Поспехі ў няпростай флоцкай службе (а Анатоль Леанідавіч Бычкоў, да прыкладу, быў прызнаны лепшым штурманам Паўночнага флоту) прывялі яго ў ВВМУ імя Фрунзе, дзе ён выкладаў, падрыхтаваўшы немалую колькасць афіцэраў флоту сучаснасці.
Пайшоўшы ў запас, Анатоль Леанідавіч вярнуўся ў родную Беларусь, на любімую Віцебшчыну. Але і на «грамадзянцы» ён не змог без флоту. Неўзабаве была створана Шумілінская раённая грамадская арганізацыя «БСВМ», у якой капітан другога рангу запасу Анатоль Леанідавіч Бычкоў быў абраны старшынёй, якім і прабыў усё астатняе жыццё на працягу наступных дваццаці гадоў.
Шмат было зроблена ім за гэтыя гады. Арганізацыя пашыралася, увасабляліся ў жыццё планы, былі наладжаны сувязі практычна з усім ваенна-марскім братэрствам Беларусі. «Марскі камень», які стаў славутасцю Шуміліна, ял «Падводнік Іспянкоў», рэгаты па азёрах (у той час меўся не адзін ял, а цэлая міні-эскадра).
1 лістапада 2017 года Анатоля Леанідавіча не стала. Пайшоў камандзір у апошні паход, але памяць пра яго жыве ў нашых сэрцах. А таму шумілінскія ветэраны ВМФ у гонар 75-гадовага юбілею салютуюць і кажуць «віват!» свайму першаму камандзіру-капітану другога рангу Бычкову Анатолю Леанідавічу!
Дзякуй, таварыш капітан другога рангу, за тое, што сабраў нас калісьці разам! Мы пастараемся, каб справа, пачатая вамі, жыла.
Эдуард Крыгін, прэс-сакратар Шумілінскай раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ваенных маракоў».

