
Пра праблемы – адкрыта, пра будучае – прадметна
Адкрыты прадметны дыялог аб развіцці рэгіёнаў – гэта заўсёды залог вырашэння самых надзённых праблем на месцах. На мінулым тыдні ў гарадскім пасёлку Обаль прайшла важная сустрэча мясцовых жыхароў са старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыем Дзямідавым. Удзел у размове з насельніцтвам прыняло таксама раённае кіраўніцтва на чале са старшынёй райвыканкам Мікалаем Будневічам, мясцовая ўлада.

Галоўнай тэмай абмеркавання стала рэалізацыя маштабнага плана па добраўпарадкаванні і развіцці пасёлка. У пачатку сустрэчы з падрабязнай справаздачай аб праведзенай рабоце перад абальчанамі выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Руслан Алегавіч падрабязна спыніўся на ўсіх напрамках, па якіх ужо праведзены канкрэтныя работы: медыцына і адукацыя, вулічнае асвятленне і стан дарог, работа аб’ектаў гандлю і азеляненне населенага пункта. Гэтак жа старшыня раённага Савета дэпутатаў пазначыў вектар далейшага развіцця і расказаў пра планы на бліжэйшы час.
Мясцовыя жыхары актыўна ўключыліся ў абмеркаванне і задалі прадстаўнікам улады хвалюючыя пытанні. Асаблівую ўвагу абальчане надалі бытавым і жыллёвым аспектам: іх хвалявалі тэрміны і якасць правядзення капітальнага рамонту шматкватэрных дамоў, юрыдычныя тонкасці, звязаныя з узаконьваннем гаспадарчых пабудоў, асартымент прамысловых тавараў. Ніводнае пытанне не засталося па-за ўвагай: па частцы зваротаў тлумачэнні былі дадзены адразу на месцы, а тэмы, якія патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі, узяты кіраўніцтвам на асабісты кантроль.
Мікалай Будневіч асобна спыніўся на набалелым для многіх жыхароў пытанні – размяшчэнні мясцовай аптэкі. Кіраўнік раёна адкрыта папрасіў землякоў праявіць разуменне і даць раённай уладзе канкрэтны тэрмін – паўгода, каб спакойна і ўзважана прапрацаваць усе варыянты і знайсці аптымальнае рашэнне праблемы. У сваю чаргу Дзмітрый Дзямідаў падтрымаў канструктыўны настрой, узяў сітуацыю на асабісты кантроль і паабяцаў са свайго боку максімальна паскорыць працэс, каб сацыяльна значнае пытанне вырашылася як мага хутчэй. Гэтак жа старшыня абласнога Савета дэпутатаў запэўніў грамадзян, што кіраўніцтву вобласці не ўсё роўна, у якіх умовах будуць жыць сельскія жыхары:
«Галоўнае, каб і вам самім было не ўсё роўна. Нам бы хацелася, каб гарадскі пасёлак Обаль, знаходзячы сучаснае аблічча, захаваў сваю ўнікальнасць, а жыхары і госці маглі ганарыцца гэтай гераічнай зямлёй».
У завяршэнне сустрэчы жыхары Обалі шчыра падзякавалі прадстаўнікам улады за тое, што іх родны пасёлак пачаў набываць новае жыццё. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас арганізатараў яркага брэндавага свята «Магія гліны і агню», які падарыў усім незабыўныя эмоцыі і стаў сапраўдным упрыгожваннем культурнага жыцця гарпасёлка.
Важны напамін: узаконіць самавольна заняты зямельны ўчастак у Беларусі можна ў спрошчаным парадку («зямельная амністыя») па артыкуле 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2022 № 195-З з улікам змяненняў Закона ад 01.06.2026 № 149-З. Падаць заяву на легалізацыю можна да 1 студзеня 2028 года. Пасля гэтай даты пытанні самавольнага будаўніцтва будуць вырашацца ў агульным парадку па нормах Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
