Новый мост через Зароновку – предновогодний подарок дорожников жителям деревни Гришаны

2025 - Год благоустройства Главное Край шумілінскі Новости Экономика

Пераднавагодні падарунак раёну – адкрыццё моста

У першы снежаньскі дзень у раёне адбылася важная і доўгачаканая падзея –  адкрыццё моста пасля рэканструкцыі праз раку Заронаўка каля вёскі Грышаны.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, прадстаўнікі КУП “Віцебскаблдарбуд”, ДРБУ-204, мостабудаўнічага ўпраўлення №5 ААТ “Мостабуд”, жыхары аграгарадка Слабада і вёскі Грышаны.

«Не знайшлося больш дастойнага генпадрадчыка для рэканструкцыі моста, як ДРБУ-204. Аб’ект атрымаўся прыгожым, моцным, дабротным, – адзначыў Мікалай Будневіч у сваім выступленні. – Дзякуй усім будаўнічым арганізацыям за добрую работу. Спадзяемся, работы па рэканструкцыі мастоў у раёне будуць працягвацца. Жыхарам Грышаноў трэба цаніць тое, што робіцца для іх дабрабыту, развіваць паслугі па адпачынку на беразе возера». Мікалай Аляксеевіч уручыў  Ганаровыя граматы райвыканкама за бездакорную работу вадзіцелю аўтамабіля ДРБУ-204 Анатолю Шараю і прарабу мостабудаўнічага ўпраўлення №5 Аляксею Квасаву, Падзяку старшыні райвыканкама  – рабочаму ДРБУ-204 Максіму Сіценку.

Сімвалічна, што адкрыццё адбылося ў Год добраўпарадкавання, калі ў краіне вялікая ўвага надаецца будаўнічым аб’ектам, неабходным для камфортнага жыцця людзей, адзначыў генеральны дырэктар “Віцебскаблдарбуду” Уладзімір Мацвееў. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што такую сумесную работу па рэканструкцыі моста ставяць у прыклад на абласным узроўні, таму яе трэба працягваць. Уладзімір Сямёнавіч уручыў Ганаровыя граматы КУП “Віцебскаблдарбуд” шэрагу работнікаў ДРБУ-204.

Нягледзячы на цяжкасці, сярод якіх былі і неспрыяльныя ўмовы надвор’я, рэканструкцыю паспелі правесці менш чым за паўгода. Умацавалі рэчышча, устанавілі апоры, зманціравалі пралётныя пліты, выканалі бетонныя работы на праезнай частцы, устанавілі поручні, заасфальтавалі прылягаючую тэрыторыю. Сёння мост прадстаўляе надзейную жалезабетонную канструкцыю, грузапад’ёмнасць якой складае 20 тон. На думку спецыялістаў, тэрмін яго службы складзе сто гадоў, а то і больш, бо  ўзведзены з вялікім запасам трываласці.

Новы мост – зручны спосаб аўтамабільнага руху, важны сродак камунікацыі, бяспека людзей. Безумоўна, жыхары задаволены новай пераправай. Тым больш, што вёска Грышаны прыцягвае дачнікаў сваёй прыгажосцю, возерам Заронаўскім і рэчкай Заронаўкай. А цяпер, калі адноўлена транспартная сувязь, дачная вёска атрымае новае дыханне. Спадзяемся, што колькасць дачнікаў тут значна павялічыцца. Тым больш, што сёння тут ёсць пяць участкаў для продажу, яшчэ на тры афармляюцца  дакументы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Даведка «ГП»
Заказчык аб’екта – КУП «Віцебскаблдарбуд», генпадрадчык – Шумілінскае ДРБУ-204, субпадрадчык – мостабудаўнічае ўпраўлення №5 ААТ “Мостабуд”, праект распрацаваны дзяржпрадпрыемствам «Белгіпрадар». 
  Даўжыня моста – амаль 28 метраў, шырыня – 4,5 метра. Агульны кошт аб’екта – 798 394 руб., работы фінансаваліся з рэспубліканскага бюджэту.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *