Гісторыя пішацца сёння
У аўторак, 14 красавіка, у актавай зале Шумілінскай ПМК‑70 сабраліся тыя, хто назаўжды ўпісаў сябе ў спартыўную гісторыю раёна. Дырэктар прадпрыемства Аляксей Крыўко арганізаваў сустрэчу, каб асабіста падзякаваць хлопцам за іх вялікі поспех.
Нагадаем, што напрыканцы сакавіка каманда «Будаўнік» прывезла ў Шуміліна галоўны кубак рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэты турнір – галоўная спартыўная падзея для юных хакеістаў. У ім удзельнічаюць сотні хакеістаў з усёй краіны, але дабрацца да фіналу і перамагчы атрымліваецца толькі адзінкам. Да сёлетняга года шумілінцы ніколі не падымалі над галавой галоўны кубак. Цяпер яны зрабілі тое, чаго да іх не рабіў ніхто. Цяпер іх дасягненне можна толькі паўтарыць. Яны – у гісторыі!
Ад імя ўсёй каманды шчырыя словы падзякі выказаў трэнер Уладзіслаў Траццякоў: «Гэтая перамога – не выпадковасць, а вынік штодзённай і ўпартай працы».
Аляксей Крыўко адзначыў, што гэту перамогу чакалі доўга, і яна была дасягнута менавіта сумеснымі намаганнямі – юных спартсменаў, іх трэнера, кіраўніцтва прадпрыемства і ўсяго раёна. «Вы паказалі, што ў Шуміліне жывуць сапраўдныя чэмпіёны. Мы ганарымся вамі», – сказаў Аляксей Юр’евіч і ўручыў юным героям грашовыя прэміі.
Асаблівым сюрпрызам стаў падарунак ад Аляксея Крыўко – сапраўдная будаўнічая каска. Яна стане сімвалам каманды і будзе натхняць хакеістаў. Пасля кожнай гульні лепшы ігрок каманды будзе апранаць яе на сябе – як знак гонару і прызнання таварышаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



