В Шумилино прошёл районный этап конкурса “Песни юности наших отцов”

Культура Новости

Гучалі маладыя галасы
9 лютага ў гарадскім Доме культуры адбыўся раённы тур конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, дзе вызначыліся найбольш здольныя песенныя таленты Шуміліншчыны ва ўзросце ад 16 да 31 года.
Калі чалавек не стамляецца працаваць, развіваць свае здольнасці, захапленні, ягоны талент абавязкова праявіцца шчодра, узнёсла.
Работнікі Шумілінскага ГДК паклапаціліся, каб святочна прыбраная сцэна адпавядала настрою, што панаваў у зале. А вучні і настаўнікі СШ №1, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, запоўнілі усю залу. Юныя гледачы і маладыя выканаўцы былі блізкія не толькі па ўзросце: іх яднала песня, і гэтае песеннае паразуменне — галоўны вынік музычнага свята.
Бясспрэчным лідарам выглядаў Андрэй Крыўцоў (Шумілінскі ГДК). Творы ў ягоным выкананні вызначаліся бездакорнай сцэнічнасцю, што прыводзіла ў хваляванне залу. Ягоны голас і паводзіны на сцэне пераканалі журы  адзінагалосна аддаць яму першае месца.
Віншаванні, дыпломы і падарункі за другое месца прымалі адразу дзве ўдзельніцы конкурсу Ірына Салаўёва (Шумілінскі ГДК) і Паліна Паскіна (Слабадскі СДК), якія неаднойчы ўжо ўдзельнічалі ў песенных спаборніцтвах.
Трэцяе месца падзялілі Анастасія Наважылава (Обальскі ГДК), Ганна Іваноўская (Шумілінскі ГДК) і Наталля Зуева (Ляжнёўскі СК-цэнтр духоўнага выхавання). Адзначым, што Ганна і Наталля – адзіныя, хто спявалі на роднай мове. Наяўнасць беларускага песеннага слова ўзбагаціла канцэрт.
Юрый Грыцкевіч (Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу) быў адзначаны спецыяльным прызам – “Прыз сімпатый гледачоў” (заснаваў райкам ГА БРСМ).
У гэты раз пераможцы былі крышачку мацней, аднак гэта далёка не апошні выхад да мікрафона тых выканаўцаў, якія не атрымалі ўзнагарод: будуць і ў іх чарговыя фестывалі ды поспехі.
Пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і граматамі аддзела  па справах моладзі і аддзела культуры райвыканкама.
Андрэй Крыўцоў, Ірына Салаўёва і Паліна Паскіна прымуць удзел у абласным занальным адборачным туры конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які пройдзе 15 лютага ў Бешанковічах. Поспехаў вам!
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт
Надрукавана ў №13 ад 15.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *