«Зелёная жатва» набирает обороты

Главное Сельское хозяйство

Духмяная ўборачная чэрвеня

Актыўна разгарнулася нарыхтоўка кармоў у СУП «Лаўжанскае». У сельгаспрадпрыемства самы вялікі план па раёне па першаму ўкосу – трэба скасіць 1912 гектараў, нарыхтаваць 12300 тон сенажу.

На палетках каля аг. Мікіціха мы заспелі Андрэя Аўсянкіна на трактары з касілкай КДН-2,6. «Працую ў гаспадарцы больш за дзесяць гадоў, а на касавіцы – толькі другі сезон, – расказаў механізатар. – Трава хоць і не вельмі высокая, але густая, таму пракосы атрымліваюцца добрыя». Калегі Андрэя па касавіцы – Віталь Чарткоў і Аляксандр Антонаў. Дапамаглі двума трактарамі з касілкай і граблямі з Гарадоцкай птушкафабрыкі, запчасткамі і палівам – з Віцебскага мясакамбіната.

Падвяленую траву падбіраюць і здрабняюць Андрэй Хадзюкоў на кормаўборачным камбайне «Ягуар», Кірыл Калдуноў на КВК (ён прыкамандзіраваны з Обальскага керамічнага завода). На адвозцы задзейнічана пяць трактароў з ПІМамі – гэтага хапае, бо палеткі недалёкія.

«Сёлета прыступілі да першага ўкосу раней мінулагодняга, – расказала галоўны аграном гаспадаркі Вольга Каралёва. – Вільготнасці ў глебе хапае. У першай палове чэрвеня травы першага ўкосу ў самым саку, багатыя на бялок і самыя карысныя. Зараз самая духмяная ўборачная. Цяпер задача – своечасова скасіць, здрабніць і завезці ў траншэю.

Важна не перасушыць масу, каб яна была сярэдняй вільготнасці. Першую траншэю закладваем каля фермы Латкова». На раніцу 8 чэрвеня ў СУП «Лаўжанскае» скошана першым укосам 619 гектараў (32,4% да патрэбнага), закладзена 961 тона сенажу.

Па раёне скошана 2345 га травы (31,3% да плана), нарыхтоўваюць сенаж усе сельгаспрадпрыемствы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *