Как прошёл день работы с населением в Обольском сельсовете

Власть Главное Общество

Маршрут клопату і даверу

Дзень работы з насельніцтвам – дзейсная форма работы, якая даўно прыжылася ў раёне і дае прадстаўнікам улады магчымасць пабачыць, чым жывуць вяскоўцы, вырашыць пытанні жыццезабеспячэння. На мінулым тыдні такі дзень прайшоў на тэрыторыі Обальскага сельсавета.

ДЗЕНЬ  ПЕРШЫ

9 ліпеня рабочая група, якую ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама Інга Пілюгіна, сустрэлася з жыхарамі г. п. Обаль, вёсак Гаравыя 1, Захарава, Масцішча, Грудзінава, Таўкачова 1, Тупічына, Задоры, Крупеніна, Беркавічы і Купніно. У склад групы ўваходзілі старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў, РАНС, УП ЖКГ, ДРБУ‑204.

Першая сустрэча адбылася каля Обальскай СШ. Абальчане ў цэлым задаволены добраўпарадкаваннем пасёлка, але выказалі і канкрэтныя пажаданні. У час летняга сезона вельмі не хапае будаўнічых матэрыялаў – абальчане разумеюць, што гэта сезонны тавар, але прасілі разгледзець магчымасць адкрыцця гандлёвага аб’екта.

У Грудзінаве жыхары звярнулі ўвагу на адсутнасць пешаходнага пераходу каля магазіна. Траса Віцебск-Полацк даволі ажыўленая, і пераход проста неабходны дзеля бяспекі. Тут жа закранулі праблему якасці вады.

Многія вёскі ажываюць толькі летам, калі сюды перабіраюцца дачнікі. У Задорах папрасілі, каб у летні час да іх прыязджала аўталаўка, а таксама пасадзейнічаць у тым, каб аўтобус спыняўся на аўтапрыпынку.

У Крупеніне папрасілі летам часцей вывозіць смецце. Дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў адразу адрэагаваў, зазначыўшы, што пытанне будзе вырашана ў бліжэйшы час. У Беркавічах жыхары падзякавалі ДРБУ-204 за рэгулярнае абкошванне абочын дарогі, а жыхары вёскі Задоры выказалі падзяку РАНС за аператыўнасць і дапамогу ў надзвычайных сітуацыях.

Асобны блок падчас сустрэч быў прысвечаны прафілактыцы парушэнняў, пытанням бяспекі ў летні перыяд. Першы намеснік начальніка РАНС Андрэй Дуброўскі правёў з вяскоўцамі гутаркі, у якіх проста і даходліва растлумачыў, чаму летняя бяспека – справа кожнага.

Прадстаўнікі рабочай групы нагадвалі вяскоўцам, каб не забывалі своечасова абкошваць сядзібы, трымаць іх у парадку.

ДЗЕНЬ  ДРУГІ

Рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Руслана Матвейчука 10 ліпеня прадоўжыла аб’езд населеных пунктаў. Маршрут атрымаўся вялікім: Лявонава‑Падоры-Шыліна‑Ваўчкі‑КлётчынаПусташы‑Чэрчыцы‑Убоіна-Слудашы, з заездам у гарадскі пасёлак Обаль.

Галоўныя тэмы сустрэч – самыя прыземленыя, але самыя важныя для людзей: зручнасць жыцця, гандаль, работа пошты, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку. У тройку найбольш частых пытанняў упэўнена ўвайшлі рамонт дарог, асартымент аўталавак і якасць медабслугоўвання.

У Лявонаве размова атрымалася па-мужчынску прамой. Старэйшына вёскі Мікалай Ісакоўскі, чалавек нераўнадушны і ініцыятыўны, папрасіў дапамогі там, дзе сваімі сіламі яму не справіцца: расчысціць драўняна-хмызняковы параснік і правесці ямачны рамонт каля магазіна.

Жыхары Падор і Шыліна таксама гаварылі пра дарогі. Шылінцы, акрамя просьбаў, знайшлі важным падзякаваць электрыкам, работнікам УП ЖКГ і водаканала – за ўважлівае стаўленне да вяскоўцаў і аператыўную работу. У Ваўчках, Пусташах, Чэрчыцах, Убоіне і Слудашах часцей за ўсё гучала тэма аўталаўкі: людзі скардзіліся на бедны выбар тавараў і невыкананне графіку руху.

У Обалі сустрэчы прайшлі на трох пляцоўках. Абальчане ўзнімалі пытанні медыцыны – і па многіх пунктах атрымалі адказы прама на месцы ад старшыні райсавета Руслана Матвейчука. Абмяркоўвалі таксама стан дарог, вулічнае асвятленне, нізкія тэмпы ўстаноўкі дзіцячай пляцоўкі.

Раённыя ўлады закранулі пытанні ўборкі збожжавых участкаў, своечасовага абкошвання і добраўпарадкавання тэрыторый.

Дыялог атрымаўся жывым і канструктыўным. Людзі гаварылі пра тое, што іх сапраўды хвалюе, улада – слухала і фіксавала. Такі фармат узаемадзеяння дазваляе ўбачыць рэальнае жыццё на месцах: дзе патрэбна дапамога ўжо сёння, а дзе – інвестыцыі і планаванне на перспектыву.

Усе пытанні, узнятыя падчас сустрэч, накіраваны ў адпаведныя службы.

Алена КАРПУШЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *