Як раён абараняе дзяцінства
Удзельнікі чарговага пасяджэння райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам абмеркавалі тэму, якая не церпіць фармальнага падыходу – абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.
Даклад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксаны Талстой атрымаўся грунтоўным і адкрытым: з лічбамі, тэндэнцыямі, няпростымі выпадкамі, якія стаяць за сухой статыстыкай. «Эфектыўнасць работы органаў апекі і папячыцельства заключаецца ў своечасовай абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыцы сямейнага недабрабыту, уладкаванні дзяцей у сям’ю і абароне іх жыллёва-маёмасных правоў», – прагучала ў дакладзе.
Сёння ў раёне працуюць 32 замяшчальныя сям’і, дзе выхоўваецца 61 дзіця. Гэта больш, чым год таму, на 14 дзяцей, хоць колькасць сем’яў засталася ранейшай. Прычына – няпростыя гісторыі мнагадзетных сем’яў, дзе дзеці ўпершыню атрымалі статус сірот. Структура замяшчальных сем’яў выглядае так: дзіцячы дом сямейнага тыпу – 8 дзяцей; 12 прыёмных сем’яў – 23 дзіцяці; 19 апякунскіх – 30. Важна, што якасць умоў пражывання пацверджана праверкамі: асобныя пакоі, мэбля, прадметы першай неабходнасці, адаптаваныя ўмовы для дзяцей-інвалідаў.
Аддзел па адукацыі і раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр працягваюць сістэмную падрыхтоўку будучых замяшчальных бацькоў: псіхадыягностыкі, навучанне па нацыянальнай праграме, метадычныя аб’яднанні. Летась чацвёра бацькоў прайшлі павышэнне кваліфікацыі. У 2025 годзе з’явіліся дзве новыя прыёмныя сям’і, цяпер навучаюцца яшчэ шэсць кандыдатаў. Гэта сведчыць, што прэстыж замяшчальнага бацькоўства расце.
Асобны блок дакладу прысвечаны фінансавай дысцыпліне і захаванасці маёмасці дзяцей. Законныя прадстаўнікі рэгулярна прадастаўляюць справаздачы аб расходаванні сродкаў, «нямэтавага выкарыстання грашовых сродкаў не ўстаноўлена». Кантроль за жыллём сірот таксама вядзецца строга: чатыры жылыя памяшканні замацаваны за 19 дзецьмі-сіротамі, абследаванні праводзяцца двойчы на год. Ёсць адзінкавыя выпадкі запазычанасці і адсутнасць жыхароў, але яны знаходзяцца ў рабоце.
Самая трывожная частка дакладу – работа з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За паўгода ў аддзел па адукацыі паступіла 148 паведамленняў аб неспрыяльнай абстаноўцы (значна больш, чым год таму, большасць – з РАУС); праведзена 28 рэйдаў; 7 дзяцей забрана з 4 сем’яў (летась – 15 з 7). Прычыны застаюцца ранейшымі: алкаголь, адсутнасць кантролю за дзецьмі, парушэнні медыцынскіх рэкамендацый, адзінкавыя выпадкі жорсткага абыходжання. «Асноўнай прычынай экстранных паведамленняў з’яўляецца знаходжанне бацькоў у стане алкагольнага ап’янення», – падкрэсліла дакладчык.
На 1 ліпеня ў раёне пражываюць 18 дзяцей (9 сем’яў), прызнаных маючыміпатрэбу ў дзяржаўнай абароне – утрая больш, чым год таму. Прыярытэтнай формай уладкавання застаецца сацыяльны прытулак.
З судакладам выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Юлія Уласевіч.
У абмеркаванні пытання прыняў удзел начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры Віцебскай вобласці Андрэй Нізюлька. Прадстаўнік абласнога нагляднага ведамства ўдакладніў некаторыя нюансы па функцыянальных абавязках адказных структур, рэгулярнасці разгляду пытання сямейнага недабрабыту на пасяджэннях райвыканкама, рэалізацыі маёмасных правоў дзяцей-сірот і зрабіў некалькі прапаноў па ўдасканаленні работы органаў апекі і папячыцельства. «На жаль, сёння многія забываюць, што ў нашай краіне створана дзяржаўная сістэма абароны дзяцей і іх правоў, а не дарослых», – зазначыў Андрэй Аляксандравіч.
Работа органаў апекі і папячыцельства – гэта не толькі лічбы. Гэта лёсы. І вельмі важна, што ўлады трымаюць гэтую сферу пад уважлівым кантролем. Наша адказнасць у гэтым архіважным пытанні агульная, штодзённая, чалавечая.
Алена КАРПУШЭНКА.

