19 февраля подвели итоги подворного обхода в Мишевичском сельсовете Шумилинского района

Актуалии Общество Сельское хозяйство

В Мишневичской амбулатории

Працавалі ў Мішневіцкім сельсавеце
У аўторак, 19 студзеня,  прайшло падвядзенне вынікаў падворнага абходу ў Мішневіцкім сельсавеце. У гэты дзень кіраўніцтвам раёна былі праведзены асабістыя прыёмы грамадзян у населеных пунктах савета, прайшоў аб’езд вытворчых і сацыяльных аб’ектаў і ўласна падвядзенне вынікаў у сельскім клубе. Работу вёў першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч.
Было чым пахваліцца дырэктару КУСГП “Мішневічы” М. Г. Цікавенку. Машынны двор, на якім высадзілася прадстаўнічая група гасцей, аказаўся такім, якім і павінен быць аб’ект такога кшталту на буйным сельгаспрадпрыемстве. Дырэктар адрапартаваў, што тэхніка да вясенне-палявых работ гатова,  у гэты час у майстэрні кіпела работа. Віктар Віктаравіч  палічыў неабходным адзначыць, што намеснікам старшыні аблвыканкама Э. М. Дзям’янавым у ходзе нечаканай праверкі гэтага прадпрыемства былі  зроблены вывады аб высокай ступені гатоўнасці тэхнікі да сяўбы і наогул аб парадку на тэрыторыі. “Парадак не можа быць такім, што сёння ёсць, а  заўтра ўжо не, – заўважыў В. В. Родзіч, – парадак павінен быць пастаянным, каб вось такія нечаканыя, незапланаваныя праверкі не маглі збянтэжыць”.
Майстэрня – прадмет гонару дырэктара. Тут усё зроблена сваімі рукамі, даведзена да ладу за ўласны кошт. Засталося толькі арганізаваць пакой механізатара, каб было дзе адпачыць і пераапрануцца. У бліжэйшых планах – замяніць цеплаагрэгат у майстэрні.
Яшчэ адзін гонар М. Г. Цікавенкі – ферма Заўсыска. Зусім нядаўна гэта быў, бадай, адзін з самых непрыглядных сельскагаспадарчых аб’ектаў раёна. Арганіка ад фермы не адвозілася дзесяцігоддзямі,  пад’ехаць да яе  было наогул немагчыма.  Віктар Віктаравіч успамінаў, як  не верылі даяркі ў перамены да лепшага, у тое, што тут можна стварыць годныя ўмовы для работы.  Сёння ферма вычышчана, да яе вядзе добрая дарога, арганізавана пляцоўка для выгулу жывёлы. На мадэрнізацыю і добраўпарадкаванне аб’екта было затрачана больш за мільярд рублёў,  у тым ліку – 800  мільёнаў уласных сродкаў гаспадаркі. Там заменены дах, падлога, усталяваны малакаправод, ёсць вентыляцыйныя вокны. Што тычыцца электраабсталявання, то на ферме ўстаноўлены сучасныя свяцільнікі з датчыкамі. Такім чынам у жывёлаводаў адпала патрэба запальваць і тушыць святло. Гэта, па-першае, эканоміць грошы, па-другое, дазваляе ўтрымліваць жывёлу згодна з тэхналогіямі. Цяпер галоўная задача, лічыць Віктар Віктаравіч, арганізаваць зладжаную работу жывёлаводаў і актыўна працаваць, каб у самыя кароткія тэрміны вярнуць укладзеныя грошы. Сёння на ферме – 180 галоў. Дояць 8,5 літра на карову. А калі ўлічыць, што 30% кароў у запуску, то выходзіць па 11 літраў на кожную дойную карову.
У ходзе аб’езду наведалі таксама дзіцячы сад, лясніцтва, бальніцу сястрынскага догляду, урачэбную амбулаторыю (на здымку). Уражанні  засталіся самыя станоўчыя. Людзі працуюць у спакойным рэжыме, усе праблемы вырашаюць у рабочым парадку. Доўгі час у дзяіцячым садку існавала праблема з тэмпературай у памяшканнях. Цяпер, калі кацельню перадалі на баланс ЖКГ,  у групах тэмпература даходзіць і да 25 градусаў. А медыцынскія аб’екты, якія функцыянуюць на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета, наогул уражваюць еўрапейскім узроўнем камфорту і абслугоўвання. Да прыкладу, урачэбная амбулаторыя такога кшталту ці не адзіная ў вобласці.
Падводзячы вынікі работы, старшыня сельвыканкама Л. А. Гаўрыленка адзначыў, што ўсяго за тры дні работы ад насельніцтва паступіла 20 пытанняў, 8 з якіх былі вырашаны адразу. Адно з набалелых і важных для людзей – гэта курсіраванне аўтобуса “Шуміліна-Казьяны” па панядзелках, які адмянілі з-за непрыбытковасці. “А людзям ён неабходны, звычайна чалавек 10-15 едзе”, – заўважыў старшыня. Звярнуў увагу ён і на тое, што чатыры пытанні “вісяць” яшчэ з мінулага падворнага абходу. У гэтай сувязі В. В. Родзіч бескампрамісна заявіў, што так сітуацыя не павінна складвацца. Не трэба чакаць вызначаных тэрмінаў, вырашаць праблему варта, як толькі з’явілася магчымасць.
Пра тое, якія пытанні  паступілі ў ходзе асабістых прыёмаў, расказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава і намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 22.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *