А сколько той зимы? или Душевые для моржей

Сельское хозяйство

А колькі той зімы? ці Душавыя для маржоў
У № 12 за 12 лютага раённая газета надрукавала матэрыял пад назвай “Парадак і дамашняя ўтульнасць” – пра пакоі адпачынку ААТ “Прыазёрны мір”. Гэты матэрыял атрымаў нечаканы рэзананс на сайце раённай газеты. Магчыма, многіх “закранула за жывое” і захацелася напісаць каментарыі. Прычым, размова ішла не пра  “Прыазёрны мір”. Наведвальнікі сайта  прапаноўвалі карэспандэнтам раённай газеты памыцца ў душавых кабінах  на іншых фермах раёна. І за гэта Улад з Мішневіч, напрыклад,  абяцаў выпісаць 20 раённых газет, а Гоша з “Шумілінскага райаграсэрвісу” – ажно 30. Ну што ж, мы вырашылі прыняць запрашэнне і   разам з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Т. В. Шчарбаковай,  намеснікам дырэктара райветстанцыі А. А. Жыгуновым карэспандэнт газеты накіраваўся на малочнатаварныя фермы УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. А заадно заехалі і на фермы ААТ “Ляжні”.
На ферме Баёўка ўстаноўлена душавая кабіна.  Але ж у памяшканні холадна. І намер прыняць душ (усё ж паабяцаў  чалавек выпісаць 30 раёнак),  у пакоі, дзе  няма і дзесяці градусаў цяпла, неяк адразу аслабеў. Ды і мясцовыя жывёлаводы шчыра прызналіся, што пад душам не мыюцца – баяцца захварэць.  Разам з тым у пакоі адпачынку на ферме Баёўка ўтульна, аформлена неабходная дакументацыя.
На ферме ў Светласельскім мясцовыя зваршчыкі зрабілі печку. Але ж, па словах жывёлаводаў, яе ні разу не палілі. Ды і ахвочых памыцца пад душам не знаходзіцца. Не парадаваў цеплынёй і пакой адпачынку: печка тут аварыйная. Загадчыца фермы Н. Быкава не  дазваляе прапальваць печку, Баіцца, што ферма згарыць.
На іншых малочнатаварных фермах “Шумілінскага райаграсэрвісу” – Добрына, Лескавічы, Залужжа, Залессе, Паратоўка, Слабада –  нам ніхто і  не прапаноўваў прыняць душ. Па той простай прычыне, што душавых кабін тут няма. Так што прыйшлося абмежавацца аглядам пакояў адпачынку.
На ферме Лескавічы печка дыміць. Сайдынг, якім абабіты сцены, увесь закапцелы.
Прыстойны пакой адпачынку зроблены на ферме Паратоўка. Падчас нашага візіту тут было цёпла. На тумбачцы – чайны сервіз, на вокнах – прыгожыя фіранкі.
А вось на ферме Добрына пакой адпачынку выкарыстоўваюць у якасці складу. Падобная сітуацыя і на ферме Залессе: сцены шэрыя, брудныя. У кутку запчасткі, побач  – нейкія мяшкі ці то з мукой, ці яшчэ нечым. І толькі стол, на якім ляжаў сшытак для ўліку жывёлы, усё ж нагадваў, што сюды заглядвае чалавек.
Пакой адпачынку на ферме Слабада быў поўны смуроднага дыму. Мы нават спужаліся: ці не пажар?    “Не бойцеся, гэта я печку прапальваю,  яна ўвесь час так дыміць”, – пачуўся аднекуль голас.  З дыму выйшаў чалавек, сказаў, што працуе тут дзённым вартаўніком. Закапцелыя сцены, пажаўцелая дакументацыя, што на сцяне ды ўвогуле ўвесь гэты смурод пакінулі непрыемнае ўражанне.
На ферме Залужжа таксама ёсць пакой адпачынку. Сцены тут паклеены шпалерамі. Даяркі расказалі, што два гады таму за ўласныя грошы купілі шпалеры, паклеілі самі, пафарбавалі столь. Але печка ў пакоі няспраўная, яе не паляць, у памяшканні холад і сырасць.
У пакоі адпачынку на ферме Ляжні-1 адносны парадак: пабеленая печка, на стале стаіць тэлефон, ёсць халадзільнік. Зроблены і душ. Але ж нават у адзенні адчуваеш, што холадна. Звярнулі ўвагу на непафарбаваныя дошкі, якімі напалову абабіты сцены ў душавой. Яны недаўгавечныя, згніюць ад сырасці.
Такі ж душ зроблены і на ферме Ляжні-3. Да таго ж, тут яшчэ і  пакой адпачынку не ацяпляецца.  Напэўна, мыцца і адпачываць на ферме будуць толькі летам.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *