60 год на службе дарог
12 верасня знакавую дату – 60 гадоў з дня ўтварэння – адзначае калектыў філіяла «Шумілінскае ДБУ‑204» КУП «Віцебскаблдарбуд». Вось ужо шэсць дзясяткаў гадоў мясцовыя дарожнікі штодзень у любое надвор’е працуюць на карысць людзей – робяць галоўныя артэрыі эканамічнага і сацыяльнага развіцця роўнымі, бяспечнымі, зручнымі.
За шэсць дзясяткаў гадоў прадпрыемства прайшло доўгі і слаўны шлях. Сіламі калектыву ДРБУ‑204 заасфальтавана, адрамантавана, прыведзена ў належны стан вялікая колькасць дарог. Сучаснае аблічча дарог раёна – прамы вынік карпатлівай працы, прафесіяналізму і гаспадарскага падыходу да справы. Дарожнікі ведаюць: у іх рабоце дробязей няма – ад таго, наколькі якасна пакладзены асфальт і абсталявана абочына, залежаць жыцці тысяч вадзіцеляў і пасажыраў.
Праца дарожнай службы – гэта не толькі ўкладка асфальтавага пакрыцця, а цэлы комплекс работ, які ўключае капітальны, бягучы і ямачны рамонты і прафіліраванне. Штогод брыгады дарожнікаў праводзяць ачышчэнне дарожных палос: высякаюць тоны хмызнякоў, якія замінаюць бачнасці і ствараюць небяспеку для руху, летам абкошваюць абочыны. У зімовы перыяд тэхніка прадпрыемства першай выходзіць на барацьбу з заносамі, своечасова чысціць дарогі ад снегу і забяспечвае бесперабойныя зносіны паміж населенымі пунктамі.
З гісторыі
Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў у сувязі з неабходнасцю рамонту і стварэння сетак аўтамабільных дарог, забеспячэння бесперабойных транспартных зносін паміж сельскімі населенымі пунктамі і райцэнтрам у верасні 1966 года быў утвораны дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 204.
У 1986 годзе ДЭУ‑204 перайменаваны ў ДРБУ-№ 204.
У 2005 годзе даччынае прадпрыемства «Шумілінскае ДРБУ № 204» было рэарганізавана шляхам далучэння да КУП «Віцебскаблдарбуд». Рашэннем Віцебскага абласнога камітэта і загадам КУП «Віцебскаблдарбуд» ад 15 верасня 2005 года было створана адасобленае структурнае падраздзяленне – філіял «Шумілінскае ДРБУ № 204». Прадпрыемства прайшло праз рэарганізацыю, перамену назвы, але нязменнай у яго дзейнасці засталася задача па абслугоўванні дарог і мастоў.
Многія работнікі прадпрыемства працуюць тут усё жыццё, ёсць і працоўныя дынастыі: Шытавы, Ляўшы, Лапаціны, Сомавы, Талсташэевы, Аўсянкіны. З пакалення ў пакаленне перадаюцца вопыт і майстэрства – захоўваюцца лепшыя прафесійныя традыцыі.
Хто ўзначальваў прадпрыемства?
З 1966 года і на працягу чатырох гадоў калектыў ДЭУ‑204 узначальваў Васіль Яфрэмавіч КАНСТАНЦІНАЎ. Пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны гаражы, склады і адміністрацыйны будынак. На дарогах узводзіліся драўляныя масты.
З 1970 да 1977 года калектывам кіраваў Мікалай Мікалаевіч БУДНІК. У гэты час сетка абслугоўваемых дарог пашырыліся. Былі пабудаваны рамонтныя майстэрні, аўтамабільныя гаражы.
З 1977 да 1988 года начальнікам быў Васіль Аляксандравіч ЛАРКОЎ. Пад яго кіраўніцтвам будаваўся асфальтабетонны завод, складскія памяшканні, бітумасховішча, сталярны цэх.
З 1988 да 1993 года прадпрыемства ўзначальваў Аляксандр Іванавіч ЛАЎРЫНЕНКА.
З 1993 да 2009 года калектывам кіраваў Кірыл Вавілавіч АЎСЯНКІН. Ён пачынаў з начальніка ўчастка (1981 г.), быў галоўным інжынерам (1982 г.), прарабам (1986 г.), намеснікам начальніка (1988 г.). Пры яго кіраўніцтве для сем’яў работнікаў быў пабудаваны шматкватэрны жылы дом, а інжынерна-тэхнічныя работнікі справілі наваселле ў новым адміністрацыйным будынку. У 1999 годзе на абслугоўванні ДРБУ быў 391 кіламетр дарог (345 км мясцовага значэння, 46 км – рэспубліканскага), 10 вялікіх мастоў і 16 дарожных. Да 2000 года працягласць абслугоўваемых дарог павялічылася да 412 км.
З 2006 да 2019 года калектывам кіраваў Руслан Мікалаевіч НАСЦЮШКІН, які зараз узначальвае КУП «Віцебскаблдарбуд».
У 2019 годзе начальнікам філіяла быў прызначаны Уладзімір Пятровіч РАМАНАЎ, які кіруе прадпрыемствам і сёння. Ён прайшоў шлях ад майстра (2007 г.), галоўнага інжынера (2013 г.) да кіраўніка.
Прадпрыемства сёння
Філіял «Шумілінскае ДРБУ № 204» абслугоўвае 670,26 км, з іх асфальтабетонных – 258,394 км, гравійных – 305,639 км, грунтавых – 106,227 км, а таксама 49 мастоў працягласцю 1243,41 м п., 793 водапрапускныя трубы працягласцю 10752 м. п.

Філіял працуе рэнтабельна і стабільна, выконвае даведзеныя планы. У сваёй структуры філіял мае ўчасткі вытворчасці работ па бягучым рамонце аўтамабільных дарог, участак аўтатранспарту па эксплуатацыі, рамонце і тэхнічным абслугоўванні аўтатранспарту і дарожна-будаўнічых матэрыялаў, лінейныя дарожныя дыстанцыі па ўтрыманні аўтамабільных дарог. Ёсць асфальтабетонны завод «Любічы», дзе ў сезон вырабляецца за дзень больш за 300 тон асфальтабетоннай сумесі, устаноўка для сарціроўкі і мыйкі шчэбеню, кар’ер «Улазавічы», пляцоўка для захоўвання пясчана-саляной сумесі.

«Сёлета мы правялі бягучы рамонт на 19,8 кіламетрах дарог, на што патрацілі 6,3 млн. бюджэтных сродкаў, – расказаў начальнік ДРБУ‑204 Уладзімір Раманаў. – Працавалі на аб’ектах іншых заказчыкаў. У Шуміліне добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя па вуліцы 70 год БССР, адрамантаваны ўчастак дарогі па завулку Соф’і Пальвінскай, заасфальтавана пешаходная дарожка па вуліцы Суворава. Правялі добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый па вуліцах Першамайскай, Дружбы, Зяньковай, Леніна, Вышалескага, Міру, Фабрычнай, Даўмана ў Обалі, у гэтым жа пасёлку адрамантавалі ўчасткі вулічна-дарожнай сеткі па вуліцах Міру, Зяньковай, Дружбы. Усяго рамонт у Обалі быў праведзены на 17204 метрах квадратных, на што патрацілі 811,2 тысячы рублёў».
Свой 60-гадовы юбілей зладжаны і працавіты калектыў ДБУ‑204 сустракае з трывалым багажом дасягненняў і смелымі планамі на будучыню. Галоўны капітал прадпрыемства – гэта яго людзі: вопытныя вадзіцелі, машыністы, трактарысты, бухгалтары і эканамісты, інжынеры і рабочыя, адданыя абранай прафесіі.
«У юбілейны год хачу падзякаваць за работу шаноўным ветэранам працы і пажадаць калектыву і прадпрыемству эканамічнай стабільнасці, новых аб’ектаў, моцнага здароўя, дабрабыту і плёну ў высакароднай, стваральнай працы. Няхай прафесіяналізм, вопыт, імкненне да асваення новых тэхналогій дапамагаюць у рэалізацыі маштабных планаў», – зазначыў начальнік ДРБУ‑204 Уладзімір Раманаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

