Мама, бабушка, жена, хозяйка Валентина Синицкая из деревни Мокраки Шумилинского района успевает во всем

2026 - Год белорусской женщины Главное Новости Общество Сельское хозяйство Семья


Гаспадыня сяла
Яна ведае, як павысіць надоі ў кароў, вырасціць памідоры і зрабіць таматны сок, як быць гаспадыняй, клапатлівай жонкай і мамай адначасова. Размова – пра Валянціну СІНІЦКУЮ з вёскі Макракі, якая сёлета ўдастоена ганаровага звання «Жанчына года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Гаспадыня сяла».


Хаця і нарадзілася ў Казахстане, сваёй радзімай Валянціна Сініцкая лічыць Шуміліншчыну. Сюды бацькі пераехалі, калі Валянціна была маленькая. Тут вучылася ў школе, сюды і замуж выйшла ў Гусінцы. З мужам Віктарам Мікалаевічам жывуць разам сорак гадоў, адзначылі рубінавае вяселле. Сорак гадоў таму купілі ў Макраках дом, навялі парадак, правялі ваду і каналізацыю. Устанавілі воданагравальнік, а цяпер ёсць і электраацяпленне. Такія даброты – вынік сумеснага старання і працалюбства. Грошы збіралі не толькі з пенсіі (абодва на заслужаным адпачынку), даход дае і прыватная гаспадарка. Сям’я трымае 18 дойных кароў, не лічачы цялят. У дадатак – парачка свіней, па статку курэй, гусей і індыкоў.

«Першую карову мы куплялі ў «Ульскім» больш за трыццаць гадоў таму, – згадвае Валянціна Віктараўна. – Спачатку муж быў супраць, маўляў, і без каровы пражывём. Але я ўгаварыла. Затым з’явілася другая, трэцяя, чацвёртая, яны прынеслі цялушак – іх пакінулі і выгадавалі. А цяпер не ўяўляем свайго жыцця без гаспадаркі. Летам здаём больш за дзвесце літраў малака – гэта добры прыбытак для сям’і».

Хаця і даецца ён нялёгка. Пад’ём у чатыры гадзіны раніцы. Дзень пачынаецца не з кавы, а з догляду гаспадаркі, жывёлу трэба падаіць і пакарміць. Вялікая справа – даільны апарат, ён зніжае нагрузку і беражэ рукі гаспадыні. Пасвіць кароў дапамагае электрапастух. Таксама ў Сініцкіх многа тэхнікі для нарыхтоўкі сена і апрацоўкі агарода – трактар, касілка, граблі, прэс-падборшчык, плуг, культыватар, бульбасаджалка і бульбаўборачны камбайн. Муж Віктар у былым механізатар мясцовай гаспадаркі, з лёгкасцю спраўляецца з тэхнікай – апрацоўвае 19 гектараў зямлі. Толькі сена трэба нарыхтаваць на зіму каля 600 рулонаў. А яшчэ – навесці парадак на зямлі, скасіць, пераараць, падкарміць.

Сініцкія выхавалі пяцёра дачок, якія ўжо дарослыя. Маюць адзінаццаць унукаў. А яшчэ шмат гадоў Віктар і Валянціна з’яўляюцца прыёмнымі бацькамі. «Выпусцілі ў жыццё» траіх дзяцей, зараз выхоўваюць адзінаццацікласніка Валерыя, сямікласніка Эдзіка і шасцікласніка Сашу.

Быць гаспадыняй на сяле – гэта цяжкая праца і вялікая адказнасць.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *