Про воду, сбор молока, дороги и другие нвости из Оболи

Новости

Вокзал в Оболи

Вада
Доўгі час у Обалі была праблема з вадой. Пакутавалі жыльцы чацвёртых і пятых паверхаў. Як гавораць самі жыхары, яны вялі “начны лад жыцця”: набраць вады з крана, памыцца, памыць бялізну можна было толькі ноччу, калі суседзі ніжэйшых паверхаў бачылі каляровыя сны. У канцы лютага, нарэшце, сітуацыя змянілася.
“Так, праблема вады была асноўнай і вельмі вострай, – кажа старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч. – Справа ў тым, што свідравіна па сваіх памерах проста не магла забяспечыць усіх вадой. Глыбінная помпа працавала ўвесь час, без перабояў, таму і зношвалася. Мы вельмі ўдзячны раённай уладзе за рашэнне пабудаваць у Обалі новую свідравіну, за выдзеленыя грошы. Свідравіну  пачалі будаваць яшчэ ў кастрычніку мінулага года, зараз яна практычна гатова,  вядуцца работы па прамыўцы і ўстаноўцы фільтраў. Майстры камунгаса абяцаюць запусціць новую свідравіну на працягу месяца”.
Паралельна работнікі УП ЖКГ ліквідавалі парывы, устанавілі новую глыбінную помпу. І жыхары шматпавярховак аджылі – на верхніх паверхах з’явілася вада.
Малако
На падворках прыватных гаспадароў Обальскага сельсавета сёння толькі 51 карова. А зусім нядаўна было больш за сотню кароў. Малако збіраецца толькі ў найбольш буйных вёсках – Гаравых, Лявонаве, Падорах, Шыліне. А вось Аляксандр Уладзіміравіч Еўдакімаў, жыхар в. Грудзінава, увогуле адзіны малаказдатчык у вёсцы. Ён сам носіць малако на ферму Брыцікі, а адтуль ужо забірае малакавоз.
У Гаравых малако збірае Ігар Анатольевіч Кісялёў. Добры малаказборшчык, стараецца, кажа старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч. У сярэднім выходзіць, што ў Гаравых здаюць на карову па 10-11 літраў малака. А самым лепшым малаказдатчыкам  у гэтай вёсцы з’яўляецца  Наталля Іванаўна Аверчанка.
У Лявонаве, Падорах і Шыліне малако збірае старэйшына вёсак Васіль Уладзіміравіч Лаўрэнцьеў. Ён былы ветурач, таму вясковым жыхарам заадно і кансультацыю дае па ўтрыманню і лячэнню жывёлы. Самы лепшы малаказдатчык на гэтай тэрыторыі Васіль Паўлавіч Зянькоў з Лявонава.
ААТ “Лаўжанскае” бясплатна забяспечвае сенам усіх тых, хто трымае кароў, незалежна ад таго, хто колькі кілаграмаў малака здаў дзяржаве. А вось тым, хто жыве на тэрыторыі КУСП “Ульскі”, пашанцавала менш – гатовае сена атрымліваюць толькі тыя гаспадары, якія здалі не менш як дзве тысячы кілаграмаў малака. Калі менш, атрымаеш толькі скошаную зялёную траву.
Увогуле на тэрыторыі Обальскага сельсавета здадзена за мінулы год па паўтара кілаграма малака на карову. Гэта вельмі нізкі паказчык.
Дарогі
У мінулым годзе на вуліцы Варшаўскай, што ў Грудзінаве, сіламі работнікаў камунгасу быў праведзены ямачны рамонт дарогі. На гэтыя мэты Обальскі сельвыканкам выдзеліў каля дзевяці мільёнаў рублёў.
Работнікі ДРБУ-204 рамантавалі дарогу ў вёсцы Плігаўкі, рабілі пад’езд да вёскі Ферма. Усяго на падсыпку і рамонт дарог у мінулым годзе было выдзелена 24 мільёны рублёў, падлічылі ў Обальскім сельвыканкаме.
І ў гэтым годзе планы немалыя. Перш-наперш трэба давесці да ладу дарогу  на вуліцы Паддубнай у Обалі. Яна стала вельмі ажыўленай у сувязі з пашырэннем вытворчасці мясцовага торфаздабываючага ўчастка. У планах на бягучы год – пакласці асфальт на вуліцы Дружбы. Маюць намер адрамантаваць і дарогу ў Брыціках (у гэтай вёсцы вядзецца рэканструкцыя фермы), а таксама адрамантаваць вуліцу Усходнюю ў вёсцы Купніно. На гэтыя мэты Обальскі сельсавет выдзяляе каля трыццаці мільёнаў рублёў.
Дзіцячыя пляцоўкі
У Обалі ля некаторых шматпавярховых дамоў увогуле няма дзіцячых пляцовак. Таму з бягучага года мясцовы сельвыканкам бярэцца за вырашэнне гэтай праблемы. Пачынаюць з вуліцы Давыдавай. Тут знахо-дзяцца два 80-кватэрныя дамы. Да таго ж, побач Обальскі прытулак. На будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі грошы выдзяляе раённы Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, расказаў М. А. Будневіч.
Будаўніцтва пачнецца ўжо ў сакавіку. Тут мяркуюць разбіць газон, пасадзіць кусты і кветкі. Абяцаюць дапамогу і спонсары, у якасці якіх выступяць мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы: Обальскі керамічны завод, УП ЖКГ, участак “Полацкгаз”. Хто арэлі будзе майстраваць, хто пясочніцу, хто горкі. Да лета плануюць справіцца.
Выхаванне
У Обальскім Доме культуры адбыўся канцэрт групы “Начная птушка” Наваполацкага Дэпартамента аховы, паведаміла рэдакцыі галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі  аддзел культуры райвыканкама  і мясцовы сельскі Савет. У Доме культуры ў гэты дзень была поўная зала людзей.  Канцэрт меў патрыятычны накірунак, на яго запрасілі і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх,  выхаванцаў Обальскага прытулку, а таксама дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *